Нядзеля, 04 Снежань 2016

У Паставах адновяць помнік на магіле польскіх жаўнераў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У лістападзе Паставы наведала польская дэлегацыя на чале з кіраўніком Упраўленьня па справах вэтэранаў і рэпрэсаваных Янам Юзафам Каспшыкам. Зь ім былі дырэктар габінэту кіраўніка Ўпраўленьня Яцэк Палянчык, дараднікі кіраўніка Кшыштаф Вайцяхоўскі і Ян Срока, часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Міхал Хабрас, трэці сакратар Консульскага аддзелу Амбасады Рэспублікі Польшча ў Беларусі Адам Качынскі.

Дэлегацыя наведала помнік-стэлу польскім салдатам і афіцэрам, якія загінулі падчас ваенных дзеяньняў 1920 году. Помнік устаноўлены ў 1934 годзе. Старажылы сьцьвярджаюць, што гэта інтэрнацыянальнае пахаваньне польскіх, нямецкіх і рускіх салдат. Пасьля Вялікай Айчыннай вайны помнік спрабавалі разбурыць танкам, але не ўдалося. Былі скінуты арол і мэмарыяльная дошка з надпісам на польскай мове «Загінулым жаўнерам у абароне Айчыны».

«Я займаюся справамі вэтэранаў. Ім важна ведаць, што ў іншых краінах сьвету месцы пахаваньняў польскіх жаўнераў не забытыя, – сказаў Ян Юзаф Каспшык. – Сярод нас прысутнічае Багуслаў Нізенскі, які зьяўляецца старшынём рады вэтэранаў Упраўленьня. Ён кавалер вышэйшай дзяржаўнай узнагароды Польшчы – ордэна Белага Арла. Бацька пана Багуслава браў удзел у савецка-польскай вайне 1919-1920 гадоў, таму яму вельмі хацелася наведаць Паставы. Памяць пра продкаў важная і для маладога пакаленьня. Гісторыю не перапішаш, але яе веданьне можа дапамагчы пазьбегнуць новых памылак. Наша Ўпраўленьне, Міністэрства культуры, урад Польшчы зацікаўленыя ў тым, каб месцы пахаваньня нашых землякоў мелі прыстойны выгляд. Спадзяёмся, што разам з вамі зможам адрэстаўраваць і помнік у Паставах».

nn.by