Зь беларускага боку дэклярацыю падпісаў старшыня абласнога Савету дэпутатаў Уладзімер Цярэнцьеў, з боку Праграмы разьвіцьця Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў – намесьніца сталага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Кацярына Паніклава і кіраўнік офісу Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў.
У межах кампаніі прадугледжанае наведваньне ўсіх абласьцей краіны і правядзеньне мерапрыемстваў па спрыяньні дыялёгу паміж звычайнымі беларусамі, уразьлівымі групамі насельніцтва, палітыкамі, урадоўцамі і міжнароднай супольнасьцю. Мерапрыемствы скіраваныя на вывучэньне бар'ераў, зь якімі сутыкаюцца ўразьлівыя групы насельніцтва, і выяўленьне магчымых спосабаў пераадоленьня гэтых бар'ераў сумеснымі намаганьнямі.
Першым з афіцыйных асобаў да ўдзельнікаў і гасьцей рэгіянальнай імпрэзы зьвярнуўся Ўладзімер Цярэнцьеў. Ён, у прыватнасьці, адзначыў, што кампанія «Інклюзіўная Беларусь» зьяўляецца працягам ініцыятывы «Экспрэс ААН-70», якую Віцебск прымаў больш за год таму. Да 2030 году прадстаўніцтвам ААН у Рэспубліцы Беларусь супольна з ўрадам краіны і ў супрацы зь дзяржаўнымі і недзяржаўнымі арганізацыямі на Віцебшчыне адбудзецца шэраг мерапрыемстваў дзеля дасягненьня мэтаў устойлівага разьвіцьця. Старшыня абласнога Савету падкрэсьліў, што супрацоўніцтва Беларусі з такой прадстаўнічай арганізацыяй, як ААН, адыгрывае важную ролю для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Віцебскага рэгіёну. Па розных праектах ААН Віцебская вобласьць атрымала нямала інвэстыцыяў дзеля здароўя і жыцьця будучых пакаленьняў.
У сваю чаргу сталы прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха ў сваім выступе зьвярнуў увагу на посьпехі беларускага боку ў дасягненьні мэтаў устойлівага разьвіцьця і выказаў спадзеў, што падчас кампаніі адчуе біцьцё сэрца Беларусі.
«Мы разам маем магчымасьць зрабіць нашу супольнасьць лепшай, нікога не пакідаючы ўбаку. І калі не зрабіць гэтага цяпер, то заўтра можа быць запозна. Беларусь можа паказаць усяму сьвету, што гэта значыць – нікога не пакідаць убаку», – падкрэсьліў ён.
У цырымоніі адкрыцьця бралі ўдзел прадстаўнікі ААН, дыпляматычнага корпусу ЗША, Румыніі, Вугоршчыны, Ізраіля, абласных ды гарадзкіх уладаў.
Галоўным месцам правядзеньня большасьці заплянаваных мерапрыемстваў стала Канцэртная заля «Віцебск», на розных пляцоўках якой разгарнуліся выставы агенцыяў сыстэмы ААН, амбасадаў, грамадзкіх аб'яднаньняў і мясцовых ініцыятываў зь некалькіх раёнаў Віцебшчыны. Сярод іншага наведнікі маглі трапіць на выставу малюнкаў, прысьвечаную ахвярам гандлю людзьмі; азнаёміцца з фотавыставай «Мост у будучыню», якая распавядае пра меры прафіляктыкі ВІЧ-інфэкцыі сярод уразьлівых групаў насельніцтва; наведаць фотавыставы амбасадаў Ізраіля, Палестыны, Швэйцарскага Чырвонага Крыжа «На службе гуманнасьці»...
Акрамя таго сэмінары, прэс-клюб для рэгіянальных СМІ, школа лідэрства для жанчын, IT-трэнінг, майстар-кляс, круглы стол прайшлі на іншых пляцоўках гораду. У межах кінафэстывалю «Чалавечая годнасьць, роўнасьць, справядлівасьць» былі паказаныя амэрыканскі фільм «Музыка ўнутры» і румынскі «Заўтра раніцай», прайшоў турнір па настольным тэнісе для асобаў са слабым зрокам, а ўвечары адбыўся інклюзіўны канцэрт.
Пералічаныя імпрэзы наведалі некалькі сотняў чалавек, у першую чаргу студэнты віцебскіх установаў адукацыі. Ёсьць надзея, гэта ня толькі надало ім стымул падвысіць свае веды пра 17 мэтаў устойлівага разьвіцьця, выпрацаваных ААН, але і падахвоціць кожнага зь іх да асабістага ўдзелу ў справе ліквідацыі ўсіх відаў няроўнасьці.
https://viciebskspring.org/news/roznae/item/2127-regiyanalnuyu-kampaniyu-inklyuziunaya-belarus-prezentavali-u-vitsebsku#sigProIda93735fe04
С. Горкі