Гэтыя лічбы прыводзіліся на паседжаньні «круглага стала» ў пракуратуры Віцебскай вобласьці, за якім пракуроры разам зь бізнэсоўцамі, прамыслоўцамі і прадстаўнікамі ворганаў улады шукалі сумесныя шляхі барацьбы з карупцыяй. У ходзе паседжаньня адзначалася, што колькасьць выяўленых злачынстваў карупцыйнай накіраванасьці ў Віцебскай вобласьці расьце трэці год запар і заплюшчваць вочы на гэтую праблему ўжо папросту непрыстойна.
Людзі дзякаючы хабарам уладкоўваюцца на працу, здаюць іспыты, атрымліваюць бальнічныя лісты, праходзяць дзяржтэхагляд… Часьцей за ўсё, паводле дадзеных пракуратуры Віцебскай вобласьці, карупцыйныя злачынствы фіксуюцца ў сфэрах прамысловасьці, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, установах аховы здароўя і адукацыі.
Як адзначыў пракурор Віцебскай вобласьці Генадзь Дыско, антыкарупцыйнае заканадаўства мае патрэбу ва ўзмацьненьні. У прыватнасьці, ён прапанаваў зрабіць абавязковай канфіскацыю маёмасьці пасьля асуджэньня чалавека за карупцыйнае злачынства. Пакуль гэтая норма ўжываецца не ва ўсіх выпадках. Акрамя таго, пракурор зьвярнуў увагу на тое, што асобныя нашы суграмадзяне маюць шыкоўныя асабнякі і дарагія іншамаркі, афіцыйна атрымліваючы нязначны прыбытак. Ён прапануе ўнесьці ў заканадаўства норму, якая абавяжа такіх грамадзян даказваць атрыманьне імі сродкаў на дарагія набыткі, а ў выпадку, калі гэта даказаць немагчыма, увядзе канфіскацыю дарагой маёмасьці ў даход дзяржавы. Безь якіх-небудзь доказаў, што гэтыя маёмасныя выгоды набытыя злачынным шляхам.
Варта адзначыць, што гэткая прапанова ідзе насуперак з асноватворным прынцыпам крымінальнага судаводства - прэзумпцыяй невінаватасьці, паводле якой, чалавек не павінен даказваць, што ён не злачынца. Менавіта паводле гэткага прынцыпу вялося раскулачваньне сялян за часамі Сталіна, калі для канфіскацыі маёмасьці хапала толькі аднаго факту, што чалавек жыве лепш за іншых.
Крыніца: Ежедневник