Аўторак, 10 Люты 2026

У Глыбоцкім раёне людзі працуюць у холадзе, без належнага адзення, сродкаў абароны і вады

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гэта было выяўлена падчас так званага месячніка "Аб забеспячэнні бяспечных умоў працы ў зімовы перыяд", які прайшоў у Глыбоцкім раёне. Пра дадзеныя парушэнні паведаміў сайт раённай газеты “Веснік Глыбоччыны” 5 лютага.

 Як піша глыбоцкая раёнка, спецыялісты, члены мабільнай групы райвыканкама, пабывалі на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна ўсіх форм уласнасці, абследавалі механічныя майстэрні, фермы і жывёлагадоўчыя комплексы, бытавыя памяшканні, адміністрацыйныя будынкі (Фота: vg-gazeta.by)

Спецыялісты пабывалі ў ААТ "Глыбоцкі аграсэрвіс" (мехмайстэрні, бытавыя памяшканні, адміністрацыйны будынак), УП "Галубічы", ААТ "Чарневічы" (МТФ "Чарневічы", "Бортнікі", "Замхава"), "Канстанцінаў Двор" (мехмайстэрні, МТФ).

 Сярод самых распаўсюджаных недахопаў на аб'ектах было названа незахаванне тэмпературнага рэжыму, ён не адпавядае ўстаноўленым нормам. У адміністрацыйных будынках назіралаася тэмпература ад 12,4 да 13,2 градусаў, у рамонтных майстэрнях ад мінус 5 да мінус 9 градусаў. На металічных страховачных падстаўках, якія прымяняюцца пры рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, не ўказана гранічна дапушчальная нагрузка.

 У пакоях адпачынку назіралася няспраўныя сістэмы водазабеспячэння, што з'яўляецца парушэннем санітарна-эпідэміялагічных норм. У вытворчых цэхах і памяшканнях выяўлены ледзяныя ўтварэнні, тэрыторыі не апрацаваны супрацьгалалёднымі сродкамі.

 Таксама было заўважана, што не ў належнай чысціні змяшчаюцца кантэйнерныя пляцоўкі для збору і часовага захоўвання камунальных адходаў.

 Да таго не ўсе работнікі забяспечаны спецыяльным зімовым адзеннем і абуткам, сродкамі індывідуальнай абароны і не ўсе аптэчкі першай дапамогі ўкамплектаваны на аб'ектах.

 Былі выяўлены факты парушэння аховы працы работнікаў. Спецыялісты зазначылі, што не праводзяцца ўступныя інструктажы з электрагазазваршчыкамі, апальшчыкамі ды іншымі работнікамі, якіх прынялі нядаўна на працу.

 Праверка выявіла і факты юрыдычна-непісьменнага афармлення дакументацыі па ахове працы і тэхніцы бяспекі.

 Як паведамляе “Веснік Глыбоччыны”, з  інжынерамі па тэхніцы бяспекі і работнікамі сельскагаспадарчых арганізацый былі праведзены гутаркі, кіраўнікам прадпрыемстваў вынесеныя прадпісанні з устаноўленымі тэрмінамі выпраўлення сітуацыі.