Рабочыя Наваполацкага заводу буйнапанэльнага домабудаваньня паведамілі, што іх прадпрыемства перайшло на новую форму аплаты працы. Яны сьцьвярджаюць, што кіраўніцтва выдала ім карткі на 3 мільёны беларускіх рублёў, якія можна атаварыць толькі ў крамах “Базыс”. Гэта сетка дзяржаўных крамаў, у якіх карткі маюць нейкую цану.
«Адміністрацыя прадпрыемства перайшла да калгасных працадзён: за працадні рабочым прапануюць узяць збожжа, прычым у той кармушкі, куды яго насыпалі. Поўнае прыніжэньне рабочых», – заявіў рабочы ў размове з карэспандэнтам.
Старшыня прафкаму работнікаў заводу буйнапанэльнага домабудаваньня, філіялу ААТ «Трэст №16 г. Наваполацак», Ірына Голубева не пацьвярджае гэты факт: «Не. Работнікам могуць выдаваць карткі іншага банку. Калі раней мы абслугоўваліся ў БПС-Банку, то цяпер, праз затрымкі пазыкі, пазыку нам выдаў Белаграпрамбанк. Калі вядзецца пра карткі, то іх нам выдаў ўжо іншы банк».
Як сьцьвярджае старшыня прафкаму, затрымак з выплатай зарплаты няма: «Яе далі ў апошні дзень месяца, 31 сакавіка, але выдалі месяц у месяц – затрымкі не было».
Намесьнік генэральнага дырэктара па ідэалягічнай рабоце і пэрсанале Аляксандар Іванушчанка таксама абвяргае інфармацыю рабочых:
– Гэта звычайная плястыкавая карта, якая праходзіць праз працэсынгавы цэнтар; гэтыя грошы можна зьняць у любым банкамаце, абслужыцца ў любым пункце, дзе ёсьць тэрмінал. Банкаўская картка ніяк не зьвязаная з «Базысам». Хто вам паведаміў такую інфармацыю: мужчына ці жанчына?
– Мужчына…
– Усім жанчынам да 8 Сакавіка мы выдавалі падарункавыя сэртыфікаты на права набыцьця ў гэтым гандлёвым пункце любога тавару. Але гэта не заработная плата, а падарунак жанчынам да 8 Сакавіка. Летась мы прывязвалі падарункі да “Базысу”, сёлета – да Дому гандлю, але каб карткі банку былі прывязаныя да крамаў нейкага прадпрыемства – гэта няправільна. Падобна да таго, хто-то няправільна зразумеў, – падкрэсьліў Аляксандар Іванушчанка.
– А падарункавыя сэртыфікаты – на 3 мільёны?
– Ну што вы! Мы не валодаем такімі грашыма. Апошнім часам заробкі ў нас стала выплачвацца ў два этапы; першы плацёж у выглядзе авансу, мабыць, быў роўны 3 мільёны, а пасьля ідзе канчатковы разьлік.
Намесьнік генэральнага дырэктара па ідэалягічнай рабоце і пэрсанале гатовы паразумецца з рабочымі, якія не зразумелі сутнасьць таго, што адбываецца на прадпрыемстве:
– Калі ў чалавека існуе непаразуменьне, хай зьвернецца да мяне – я растлумачу чалавеку сытуацыю. Ня буду перанакіроўваць яго да кіраўніцтва прадпрыемства, ня буду пытацца прозьвішча. Проста шмат хто дагэтуль і карыстацца карткамі баяцца, – рэзюмаваў Аляксандар Іванушчанка.