Раней намесьнік начальніка раённага цэнтру занятасьці Ігар Швец абяцаў, што спадара Васільева не пакінуць бяз працы. Больш таго – што падбяруць яму працу па спэцыяльнасьці. Але абяцаньні аказаліся марныя, кажа цяпер ужо беспрацоўны актывіст, наведаўшы сацыяльную ўстанову:
«У цэнтры занятасьці літаральна выкінулі мяне на вуліцу! Паставілі на ўлік, узялі два мае дыплёмы аб вышэйшай адукацыі і нават нічога не паабяцалі. Прызначылі грашовую дапамогу памерам дзьве базавыя, а першая выдача – ажно 20 траўня. Як хочаш камунальныя плаці, лекі купляй, я ўжо не кажу пра тое, што трэба есьці і апранацца. Яшчэ добра, што ў мяне сям’і няма! Во ў якой сацыяльна-арыентаванай дзяржаве мы жывём – не працаўладкавалі, ды яшчэ й літаральна голадам мораць! Я ж да таго часу магу і ласты склеіць!»
Сяргей Васільеў мае пэдагагічную і культуралягічную адукацыю. Да 2010 году працаваў у школе, але мусіў звольніцца, каб даглядаць старую маці. Потым былі выбары, пасьля якіх спадар Васільеў атрымаў 15 сутак за ўдзел у Плошчы. А калі вярнуўся дахаты, уладкавацца настаўнікам ужо не атрымалася. І ён мусіў пайсьці працаваць грузчыкам, дзе падарваў здароўе. У актывіста хворыя лёгкія і сьпіна, праз гэта яму нельга падымаць больш як 5 кіляграмаў. Што й стала прычынай непрацягненьня кантракту ў мясцовым райпо, дзе ён працаваў памочнікам экспэдытара, а па сутнасьці – ізноў жа грузчыкам.
Нібыта ўсё слушна: ня можаш працаваць у адным месцы, дык шукай працы ў іншым. Але працы для яго, выглядае, няма ва ўсім Мёрскім раёне, разважае Васільеў:
«Хваробы хваробамі, але ж у мяне дзьве спэцыяльнасьці, па якіх праца не вымагае фізычных высілкаў. Дык ня могуць мне прапанаваць працы хоць у вясковай бібліятэцы. Я ж сам на сяло рвуся! Дык кажуць, што ўсё там зачыняецца… А чаму яно зачыняецца, калі па беларускім тэлебачаньні цьвердзяць, што ўсё ў нас квітнее? Ведаеце, у мяне ж кніжка ў выдавецтве пра гісторыю Мёраў, і другая кніжка ўжо гатовая, на дыску запісаная. Дык вось так мне родны горад аддзячыў!»