Чацвер, 10 Снежань 2020

Вячаслава Целіцына, які абвясціў страйк на «Віцебскіх дыванах», звальняюць з працы

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Вячаслаў Целіцын Вячаслаў Целіцын

Вячаслава Целіцына, які 1 снежня далучыўся да агульнанацыянальнай забастоўкі, звальняюць з працы за прагулы без уважных прычын. Загад аб звальненні 7 снежня падпісала выканаўца абавязкаў генеральнага дырэктара прадпрыемства «Віцебскія дываны» Шчукіна. На «Віцебскіх дыванах» Целіцын працаваў аператарам.

«Аператар агрэгата фармавання прадзільнага цэху Вячаслаў Целіцын без уважных прычын адсутнічаў на працы 3 і 4 снежня, апраўдальных дакументаў не прад'явіў», – гаворыцца ў загадзе аб звальненні.

Паводле загаду, Целіцын афіцыйна будзе звольнены ад 22 снежня. Чаму менавіта ад гэтай даты, яму не патлумачылі.

Раней, 3 снежня, у афіцыйным лісце ад імя гендырэктара прадпрыемства Алены Чабатаровай Вячаславу Целіцыну патлумачылі, што ягоная адмова ад выканання працоўных абавязкаў з палітычных прычын супярэчыць дзейнаму працоўнаму заканадаўству, бо «адсутнічаюць і калектыўная працоўная спрэчка і, адпаведна, законнае рашэнне аб правядзенні забастоўкі».

У заяве, якую Целіцын падаваў у адміністрацыю «Віцебскіх дываноў» 1 снежня, ён падкрэсліваў, што далучаецца да страйку «з прычыны прававога дэфолту, беззаконня і гвалту, які працягвае ўжывацца да мірных грамадзянаў». Рабочы патрабаваў сыходу Лукашэнкі, спынення гвалту з боку сілавікоў і вызвалення ўсіх палітвязняў.

Стала таксама вядома, што Целіцына шукае міліцыя. Па словах мужчыны, па месцы яго прапіскі 8 снежня прыходзіў супрацоўнік МУС, патлумачыў жонцы, што шукае яе мужа з нагоды ягонага ўдзелу ў масавых мерапрыемствах.

У інтэрвʼю СМІ Вячаслаў Целіцын расказваў, што ў першыя дні пасля выбараў (11 жніўня) быў затрыманы і жорстка збіты амапаўцамі.

Вячаслаў Целіцын стаў першым рабочым у Віцебску, які далучыўся да агульнанацыянальнага страйку.

Зміцер Міраш