«Нягледзячы на працу мэдыкаў на мяжы чалавечых магчымасьцяў, ідэалягічная машына беларускай дзяржавы ставіць на першае месца не спрыяльны вынік пандэміі, ня права грамадзян на праўду аб сытуацыі ў краіне, а працуе выключна на падтрыманьне ілюзіі «сытуацыя пад кантролем», – гаворыцца ў пэтыцыі, ініцыятарам якой выступіў сустаршыня арганізацыі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.
Пра звальненьне галоўнага лекара Віцебскай БХМД Сяргея Лазара паведамілі журналістам яго былыя падначаленыя. На думку некаторых лекараў, звальненьне галоўнага ўрача зьвязанае з публікацыяй на партале TUT.BY матэрыялу «Хапіла б сіл і кадраў дажыць да канца».
«Сяргей Лазар 5 гадоў узначальваў лякарню і ніякіх нараканьняў на ягоную працу не ўзьнікала. Але адной публікацыі, дзе лекары расказалі людзям пра сваю працу і небясьпеку вірусу, стала дастаткова, каб перакрэсьліць працу чалавека, парушыць ход працы мэдустановы ў пэрыяд пандэміі і паставіць пад пагрозу жыцьцё пацыентаў», – сьцьвярджаюць аўтары пэтыцыі.
«Мы патрабуем перагледзець гэтае рашэньне, а таксама зьняць зь лекараў забарону казаць праўду журналістам і грамадзянам», – гаворыцца ў звароце.
Пэтыцыя будзе накіраваная ў Савет Міністраў РБ, а таксама міністру аховы здароўя Ўладзімеру Караніку.
Між тым, ужо былы галоўны ўрач БХМД Віцебску Сяргей Лазар адмовіўся камэнтаваць журналістам звальненьне з пасады. У прэс-службе Міністэрства аховы здароўя пацьвердзілі, што Лазар звольнены, але патлумачылі, што «працоўныя адносіны былі скасаваныя са згоды бакоў», а «публікацыя на інтэрнэт-рэсурсе ня мае дачыненьня да гэтай сытуацыі».
Таксама зварот у Міністэрства аховы здароўя ў сувязі са звальненьнем Сяргея Лазара накіравала актывістка БХД Тацяна Севярынец.
Зьміцер Міраш