Раман Кузьмянкоў, які ў 2018 годзе зладзіў у Воршы гучныя пікеты «Па 500 тут няма», а ў 2019-м спрабаваў спагнаць з «камісіі па дармаедах» 675 тыс. рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды, расказаў «Віцебскай Вясьне», за што ж насамрэч яго падзякавала Міністэрства працы.
Паводле ягоных словаў, пасьля пераезду ў Менск ён пачаў мэтадычна дасылаць у Савет Міністраў лісты з прапановамі наконт таго, якім чынам у краіне можна палегчыць жыцьцё «не занятых у эканоміцы».
Прапанаваў увесьці фудшэрынг
Прыкладам, прапаноўваў на дзяржузроўні ўвесьці сыстэму фудшэрынгу – бясплатнай харчовай дапамогі беспрацоўным. Таксама выказаў ідэю выплачваць дапамогу па беспрацоўі на ўзроўні «мінімалкі» – пры ўмове адпрацоўкі 22 дзён на «грамадзкіх работах». Яшчэ – выдаваць на рукі унёскі ў фонд сацабароны і падатковыя выплаты, каб стымуляваць занятасьць.
«Апроч таго, у зваротах я закранаў пытаньне жытла, бо паводле Белстату палова працоўных не атрымлівае больш за 500 рублёў, а за такія грошы набыць уласнае жытло немагчыма», – кажа Раман Кузьмянкоў.
Сам Раман быў вымушаны прадаць сваю кватэру ў Воршы (толькі пасьля гэтага яго выключылі са сьпісу «дармаедаў»), і пераехаць разам з маці ў Менск, каб знайсьці працу.
Нарэшце на прапановы быў атрыманы адказ зь Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
«Міністэрства дзякуе Вам за актыўную жыцьцёвую пазыцыю, выказаныя прапановы па прыцягненьні не занятых у эканоміцы грамадзян у працоўную дзейнасьць. Адначасна інфармуем, што Вашае меркаваньне было прынятае да ведама і па магчымасьці будзе ўлічанае пры распрацоўцы нарматыўна-прававых дакумэнтаў у накірунках, якія адносяцца да кампэтэнцыі міністэрства», – гаворыцца ў адказе начальніка ўпраўленьня палітыкі занятасьці Мінпрацы Алега Токуна.
«Гэта ўжо цікава, але эфэкту ня будзе… Давядзецца працягваць», – напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Раман Кузьмянкоў.
Зьміцер Міраш