Чацвер, 31 Кастрычнік 2019

Аршанец спрабуе спагнаць з “камісіі па дармаедах” амаль 700 тысяч рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Раман Кузьмянкоў Раман Кузьмянкоў

Віцебскі абласны суд разгледзеў 31 кастрычніка апэляцыйную скаргу аршанца Рамана Кузьмянкова на рашэньне суду Аршанскага раёну, які не задаволіў ягоны пазоў да камісіі па спрыяньні занятасьці насельніцтва. У судзе першай інстанцыі Кузьмянкоў прасіў спагнаць з Аршанскага райвыканкаму амаль 700 тысяч рублёў маральнай шкоды, якую яму прычынілі ўключэньнем у так званы “сьпіс дармаедаў”.

У “сьпіс дармаедаў” Раман Кузьмянкоў трапіў напачатку 2019 году. Усе ягоныя спробы даказаць, што аднясеньне яго да асобаў, не занятых у эканоміцы, незаконнае і супярэчыць Канстытуцыі, былі марныя. Тады 29-гадовы аршанец, які летась ладзіў у Воршы гучныя пікеты “Па 500 тут няма”, прадаў кватэру і зьехаў разам з маці ў Менск. Толькі такім чынам, перастаўшы быць плацельшчыкам камунальных паслугаў у Воршы, ён дамогся, каб яго выключылі са “сьпісу дармаедаў”.

Пасьля гэтага зьвярнуўся ў суд з пазовам да Аршанскага райвыканкаму аб кампэнсацыі маральнай шкоды, якую яму прычыніла камісія па спрыяньні занятасьці насельніцтва. Гэтую шкоду ацаніў на 675 тысяч рублёў. Але Аршанскі суд пазоў не задаволіў.

У апэляцыйнай скарзе Раман Кузьмянкоў прасіў адмяніць рашэньне суду Аршанскага раёну і накіраваць справу на новы разгляд. Сьцьвярджаў, што судзьдзя райсуду Натальля Архіпава пры вынясеньні рашэньня зрабіла цэлы шэраг памылак. У прыватнасьці, пры вызначэньні ў дзеяньнях адказчыка парушэньня права на працу судзьдзя пісала аб праве грамадзяніна “быць занятым у эканоміцы альбо аплачваць паслугі па тарыфах, якія забясьпечваюць поўнае пакрыцьцё выдаткаў на іх аказаньне”.

Раман Кузьмянкоў заўважае, што такая фармулёўка цалкам супярэчыць артыкулу 41 Канстытуцыі, якая забараняе прымусовую працу.

Кузьмянкоў сьцьвярджае, што судзьдзя Архіпава пры вызначэньні законнасьці дзеяньняў камісіі цалкам ігнаравала некаторыя артыкулы Канстытуцыі, прынамсі 41 і 137, зьвяртаючыся выключна да прэзыдэнцкага дэкрэту “Аб спрыяньні занятасьці насельніцтва”.

На пытаньне судзьдзі Алега Фёдарава, які старшыняваў падчас разгляду апэляцыі, якія ж менавіта маральныя пакуты перанёс скаржнік праз уключэньне ў базу, Раман Кузьмянкоў адказаў, што гэта не галоўнае.

“Маральныя пакуты – толькі фармальнасьць. Заявіўшы пра іх, я хацеў выявіць больш важнае – тое, што камісіямі па спрыяньні занятасьці парушаецца Канстытуцыя, што да грамадзян ужываюць прымус да працы”, – сказаў Раман Кузьмянкоў.

У выніку Віцебскі абласны суд пастанавіў пакінуць апэляцыю Кузьмянкова без задавальненьня, а рашэньне суду Аршанскага раёну – бязь зьменаў. Судзьдзі палічылі, што Раман Кузьмянкоў не прад’явіў доказаў таго, што адказчык парушыў заканадаўства. У кампэнсацыі маральнай шкоды адмоўлена.

Пасьля суду Раман Кузьмянкоў паведаміў, што на гэтым ня спыніцца і, калі спатрэбіцца, будзе абскарджваць судовае рашэньне аж да Камітэту па правах чалавека.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.