Відэаблогер Сяргей Сікора адпрацаваў 8 гадоў электраманцёрам на віцебскім мясакамбінаце. У лютым 2019 году Сікора выклаў на сваім канале ў Youtube ролік «Зварот электраманцёра», у якім зьвярнуў увагу на парушэньні з боку адміністрацыі прадпрыемства. Пазьней за сваю актыўную дзейнасьць ён трапіў пад судовы пазоў і вымушаны быў звольніцца з працы.
Хоць на мясакамбінаце блогер не працуе ўжо больш за паўгода, ён не спыняе выкрываць факты самаўпраўства з боку былога працадаўцы.
Скардзіўся на аміячныя трубы, а ў адказ: «Іх няма…»
Паводле інфармацыі Сяргея, праз цэх мясаперапрацоўкі праходзяць трубы з аміякам, якія знаходзяцца ў занядбаным стане. Праз гэта здараюцца выцекі аміяку, працаўнікі дыхаюць атрутай – і нікому да гэтага няма справы. Самі працоўныя маўчаць, бо баяцца згубіць працу.
Пра гэтыя аміячныя трубы Сікора паведамляў у сваіх скаргах у розныя інстанцыі. Віцебскі гараддзел МНС адказаў блогеру, што ў мясаперапрацоўчым цэху наогул няма трубаў з аміякам. Гэта абурыла блогера, бо ён вельмі добра ведае пра сытуацыю.
Забаранілі здымаць падчас прыёму
Сікора запісаўся на прыём да начальніка аддзелу, а таксама накіраваў яму заяву з просьбай дазволіць падчас сустрэчы весьці відэазапіс.
На такую адкрытасьць галоўны віцебскі пажарнік Дзьмітрый Панцюхоў пайсьці ня мог. Ён катэгарычна забараніў весьці відэазапіс, спаслаўшыся на закон «Аб звароце грамадзян» (арт.6 п.6), дзе гаворыцца, што «пры правядзеньні прыёму па рашэньні кіраўніка арганізацыі могуць прымяняцца тэхнічныя сродкі».
«Я такое рашэньне прыняў», – паведаміў Дзьмітрый Панцюхоў.
Паспрабаваў таксама выгнаць з кабінэту карэспандэнта «Віцебскай Вясны», маўляў, «вы ж не запісваліся на прыём». Але не ўдалося.
«Вы ня маеце права мяне абмяжоўваць. Ці вы ставіце сябе вышэй за Канстытуцыю і за законы РБ?» – спрабаваў аспрэчыць забарону на здымкі Сяргей Сікора. Ён заявіў, што закон «Аб звароце грамадзян» дае права весьці ці ня весьці відэаздымкі самому кіраўніку і ягонай арганізацыі, але ня можа абмежаваць гэтае права яму як грамадзяніну, бо яно гарантуецца Канстытуцыяй.
МНС не праводзіла праверкі на мясакамбінаце
Падчас сустрэчы высьветлілася, што ніякай праверкі на мясакамбінаце гарадзкі аддзел МНС не праводзіў. Паводле Панцюхова, яны проста перанакіравалі Сікору інфармацыю, якую атрымалі з афіцыйнага ліста дырэктара мясакамбінату Віктара Пазьняка. Менавіта кіраўнік прадпрыемства сьцьвярджае, што аніякіх трубаў з аміякам у цэху мясаперапрацоўкі няма...
На думку Сяргея Сікоры, кіраўніцтва віцебскага МНС папросту пакрывае злачынную безгаспадарнасьць адміністрацыі мясакамбінату. А гэта ёсьць ня што іншае, як карупцыя, мяркуе Сікора.
Відэаблогер зьбіраецца зьвярнуцца ў пракуратуру.
Уладзімер Бяляўскі