Выяўленьне прафэсійнага захворваньня
Анкалягічнае захворваньне ў Алены дыягнаставалі ў 2011 годзе. Да таго яна больш за 15 гадоў адпрацавала ткачыхай на «Шкловалакне». У 2012-м мусіла звольніцца праз стан здароўя. З 2011 па 2016 год ёй вызначылі інваліднасьць спачатку 2-й, потым 3-й групы.
У мэдычную экспэртную камісію (МЭК) у Менску Алена зьвярнулася самастойна ў 2014 годзе, калі ўжо крыху паправілася пасьля курсу лекаваньня. МЭК выявіў, што ейнае заворваньне мае прафэсійны характар. Наймальнік з гэтым не пагадзіўся і ініцыяваў паўторную камісію. Паўторная МЭК перагледзела статус захворваньня. Праз суд Алена дамаглася адмены рашэньня паўторнай МЭК. Суд Заводзкага раёну Менску пацьвердзіў правільнасьць рашэньня першапачатковай МЭК аб наяўнасьці прафзахворваньня. Рашэньне суду не абскарджвалася прадстаўнікамі прадпрыемства і набыло законную моц.
Вымушаная была зноў зьвярнуцца ў суд
Аднак дырэктар Андрэй Бунакоў адмаўляецца выконваць мясцовае пагадненьне з прафсаюзамі і Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам аб выплатах аднаразовай матэрыяльнай дапамогі за выяўленае прафэсійнае захворваньне.
Жанчына зьвярнулася ў суд. Інтарэсы былой работніцы абараняюць полацкая адвакатка Натальля Аўсяньнікава і прадстаўнік Свабоднага прафсаюзу Мікола Шарах. Прадпрыемства прадстаўляюць у судзе начальнік прававой службы Васіль Зацірахін, начальнік аховы працы Аляксандар Коршыкаў і яго намесьнік Маслаў. З 11 красавіка адбылося толькі адно паседжаньне, якое можна назваць паўнавартасным. Былі заслуханыя меркаваньні бакоў наконт заяўленага пазову, і тройчы разгляд справы прыпыняўся.
Пазоўніца: Адказчыкі зацягваюць працэс
«Адказчыкі выбралі тактыку зацягваньня працэсу, мо у тайне спадзеючыся, што я стамлюся хадзіць на суды і махну рукой на вынік. Але я ўжо не адступлюся, пайду да канца: калі трэба будзе – аж да Вярхоўнага суду», – кажа Алена Палаўчэня.
«Судзьдзя Ірына Даротка відавочна ня хоча выносіць рашэньне, – мяркуе пазоўніца, – і разам з адказчыкам па чарзе ініцыююць прыпыненьні разгляду пазову. Я ўжо заяўляла адвод судзьдзі Даротка, бо яна ў мінулым зьяўлялася работніцай прававога аддзелу ААТ «Полацак-Шкловалакно», прадстаўнік адказчыка Зацірахін зьяўляецца яе колішнім начальнікам. Але вядома, мае хадайніцтвы і скаргі былі адхіленыя. Вызначэньне аб чарговым прыпыненьні таксама будзе абскарджанае.
Сума кампэнсацыі павялічваецца
Сума пазову складае каля 44 тысяч рублёў. Тлумачыць прафсаюзны лідэр Мікола Шарах: «Кампэнсацыя работніку за атрыманае на вытворчасьці прафзахворваньне прадугледжанае тарыфным пагадненьнем у памеры адной сярэднямесячнай зарплаты за кожны працэнт страты працаздольнасьці. З улікам таго, што наймальнік затрымаў выплату ўжо больш чым на 4 гады, то сума пазову склала больш за 20 тысяч даляраў».
Чый бок зойме суд Полацку?
Кіраўніцтва полацкага «Шкловалакна» ўхіляецца ад выкананьня забавязаньняў па тарыфным пагадненьні і добраахвотнай выплаты кампэнсацыі, спрабуючы зноў ініцыяваць чарговае абсьледаваньне былой працаўніцы мэдычнай камісіяй, каб зьняць прафзахворваньне. Калісьці такое не пракаціла ў Менску. Што не атрымалася зрабіць у сталічным судзе, атрымаецца ў Полацкім?
https://viciebskspring.org/news/pravy-pracounykh/item/2843-bylaya-rabotnitsa-shklovalakna-sprabue-praz-sud-damagchysya-kampensatsyi-za-stratu-zdarouya#sigProIdcee3d0293b
Аляксандар Марозаў