Генадзь Бердзянёў патлумачыў гэтую альтэрнатыўную ініцыятыву:
«Падчас сходу індывідуальных прадпрымальнікаў прагучала паведамленьне, што яны зьбяруцца 15 лютага на мітынг на плошчы Бангалор.
Людзі, якія прыехалі ў Менск на сход, ініцыяваны „Пэрспэктывай“, – яны прыехалі з розных рэгіёнаў, гарадоў і мястэчак Беларусі. Гэтыя людзі ня маюць уяўленьня, што такое плошча Бангалор.
А гэта – месца для выгулу сабак, а не для сходу індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэтак мы губляем пазыцыі, якіх дамагаліся вялікімі высілкамі. Вось гэтыя сходы раённых, гарадзкіх, абласных выканаўчых камітэтаў – гэтак паступова, крок за крокам мы набліжаліся да Менску, каб арганізавана заявіць пра сябе і выказаць сваю пазыцыю. А сабрацца на плошчы Бангалор – гэта паказаць кукіш у кішэні: ніхто не пачуе і ніхто не пабачыць. Гэтак можна было і ў лесе на пікніку сабрацца. А тым часам у людзей заканчваюцца грошы, людзі разгубленыя і могуць апусьціць рукі. А так не павінна быць, мы павінны змагацца і дамагацца свайго права на працу. Неабходна аб’яднацца ўсім актыўным людзям, і я заклікаю зьвяртацца да мяне на мой асабісты тэлефон, праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце. У нас ёсьць каардынацыйны цэнтар, і мы будзем раіцца пра нашы далейшыя сумесныя дзеяньні.
Два гады таму я быў на сходзе, арганізаваным „Пэрспэктывай“, і мне вельмі спадабалася. Але прайшло два гады, і як пісалі просьбы-чалабітныя, так і працягваем пісаць. Я не хачу расколу і хачу, каб на ўладу ціснулі з усіх бакоў. „Пэрспэктыва“ – яны робяць сваю справу, але яны крыху памыляюцца.
Нам ня трэба Бангалор, і ня трэба заводзіць нас у лес. Мы павінны быць у цэнтры, і ўлада павінна нас пачуць.
Калі Шумчанка зь нейкіх прычын не гатовы весьці людзей на вуліцы, то ёсьць іншыя людзі, якія гатовыя аб’яднаць і вывесьці людзей на галоўную плошчу, бо ўлада нас ня чуе».
Галіна Абакунчык, Радыё Свабода