Намесьнік старшыні аблвыканкаму Алег Мацкевіч, які мусіў агучыць пазыцыю ўладаў, на сустрэчу крыху спазьніўся. За час ягонай адсутнасьці гандляры пасьпелі ня толькі разьмясьціцца і прагаласаваць за скасаваньне ўказу № 222, але і абмеркаваць некаторыя пункты сваіх патрабаваньняў да кіраўніцтва вобласьці. У прыватнасьці, казалі пра немэтазгоднасьць выкарыстаньня тэрміналаў, асабліва ў рэгіёнах.
Разам з Алегам Мацкевічам на трыбуну падняліся і іншыя чыноўнікі, прадстаўнікі розных службаў. Размова з заляй намесьніка старшыні аблвыканкаму напачатку не задалася. Ягоныя асобныя заўвагі і відавочны фармалізм у падыходзе да праблемаў ІП выклікалі напружанасьць і гул абурэньня. Аднак у кіраўніцы стваранага прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірыны Яскевіч, якая старшынявала на сходзе, атрымалася ўлагодзіць сытуацыю і скіраваць яе ў патрэбнае рэчышча. Яна ня толькі ўдала кіравала заляй, але яшчэ і тлумачыла пазыцыю дзяржчыноўніка, якая не была празрыстай.
Пасьля заявы Мацкевіча пра тое, што скасаваньне ўказу № 222 знаходзіцца па-за кампэтэнцыяй аблвыканкаму, старшыня сходу патлумачыла: «Мы не патрабуем ад аблвыканкаму скасаваньня ўказу. Мы разумеем, што зрабіць гэта ён ня ў стане, але паўплываць на тое, каб зьвесткі, якія перадаюцца ў Менск, былі праўдзівымі, ён можа. Мы заявілі, што працаваць у адпаведнасьці з патрабаваньнямі ўказу прадпрымальнікі ня ў стане. У сувязі з чым нас хвалюе стаўленьне абласнога кіраўніцтва да нашай праблемы. І хопіць палохаць людзей тым, што калі яны ня выйдуць на свае працоўныя месцы, іх зачыняць».
Намагаючыся сказаць нешта канструктыўнае, Алег Мацкевіч паабяцаў прадпрымальнікам садзейнічаць у набыцьці прадукцыі беларускага легпраму, паспрыяць у арганізацыі працы з беларускімі гуртавымі базамі і распрацаваць новыя каэфіцыенты дзеля памяншэньня арэнднай платы. Прапанаваць нешта больш значнае ён ня здолеў, бо, як было заяўлена, трэба сыходзіць з таго, што ёсьць.
На абяцаньні намесьніка старшыні аблвыканкаму адказала прадпрымальніца з Наваполацку: «Вы кажаце, што айчынныя прадпрыемствы гатовыя з намі працаваць. Не гатовыя! Яны нават ня маюць ніводнага нармальнага сайту, дзе б былі выкладзеныя іх прапановы, мадэлі, асартымэнт. Выходзіць, вы прапануеце кожнаму індывідуальнаму прадпрымальніку запрагаць аленяў і шнырыць па ўсёй Беларусі, па кожным прадпрыемстве, рабіць адбор прадукцыі. Вы наогул уяўляеце спэцыфіку нашай працы? Яшчэ летась я намагалася супрацоўнічаць з бабруйскім трыкатажам – асартымэнт ніякі, узяць няма чаго. А цэны – вышэйшыя, ніж у краме. Тавар, які нам прапануецца легпрамам у гуртавы продаж, даражэйшы за аналягічны тавар расейскай вытворчасьці, які мы прадаём ураздроб. Як можна працаваць з беларускім легпрамам, калі кошты зашкальваюць? Патлумачце, калі ласка, чаму мая цана расейскіх спартовых нагавіцаў ніжэйшая, чымся наша беларуская закупачная? Добра, мы возьмем тавар беларускай вытворчасьці, але ж каму мы будзем яго прадаваць? Пэнсіянэрам, у якіх пэнсія – два мільёны? Рабочым, у якіх заробак – два з паловай мільёны? У мяне няма машыны, і я ў прынцыпе ня здолею разьяжджаць па ўсёй краіне, дый не рэнтабэльна гэта. Што мне рабіць?»
Падобных дасьціпных заўвагаў было выказана нямала, але склалася ўражаньне, што чыноўнікі іх не пачулі. Са словаў абураных выступоўцаў вынікала, што, патрабуючы ад прадпрымальнікаў наўпроставага выкананьня ўказу № 222, дзяржава, са свайго боку, ня робіць нічога:
«Чаму дасюль не паўсталі беларускія «Чаркізоны», на якіх у адным месцы была б створаная магчымасьць набываць увесь асартымэнт тавару, неабходны для гандлю. Кіраўнік дзяржавы абяцаў, што гэткія цэнтры будуць збудаваныя, але далей за абяцаньні справа так і не пайшла».
«Што нам рабіць?» – гэткае пытаньне з вуснаў часткі разгубленых гандляроў гучала на сустрэчы найчасьцей. Але ж, параўноўваючы сёньняшнія настроі прадпрымальніцкай грамады з настроямі ў пачатку іхнага змаганьня за скасаваньне ўказу, можна сказаць, што людзі сталі больш кансалідаванымі і сьведамымі, а месцамі нават значна радыкалізаваліся.
Як выказаўся адзін з прысутных, сёньняшняе чынавенства, хворае на постсавецкае здумленьне, няздольнае прыстасаваць сваю сьвядомасьць да працы ва ўмовах рынкавай эканомікі. Яно не разумее, што функцыі кантролю і дзяржаўнага рэгуляваньня ў структуры мадэлі рынкавай эканомікі не зьяўляюцца найгалоўнейшымі. А без прыватнай ініцыятывы ды эфэктыўнага стымуляваньня з боку дзяржавы яны ператвараюцца ў чыньнік стрымліваньня і разбурэньня.
Акром Алега Міцкевіча выказаліся і іншыя службоўцы. Выступы прадстаўнікоў падатковай сыстэмы, службы стандартызацыі, фонду сацыяльнай абароны і аддзелу сэртыфікацыі ў першую чаргу былі скіраваныя на стварэньне прывабнага вобразу сваіх арганізацыяў. Так бы мовіць, кожны абараняў гонар свайго мундзіру.
Расплывістыя, павярхоўныя адказы, якія ня ўлічвалі існуючыя рэаліі, не задаволілі індывідуальных прадпрымальнікаў. Калі паспрабаваць сьцісла перадаць пазыцыю абласнога кіраўніцтва, агучаную на сустрэчы, то яна выглядае так: «Кіраўнік дзяржавы сказаў, што зь першага студзеня працуем па новых правілах. Вас гэтыя правілы не задавальняюць, але трэба прыстасоўвацца да гэтых умоваў. У пэрыяд вашай адаптацыі да новых патрабаваньняў мы, са свайго боку, пойдзем на пэўныя саступкі ў падаткаабкладаньні, пасадзейнічаем у зьмяншэньні арэнднай платы, паспрабуем стварыць спрыяльныя ўмовы для набыцьця прадукцыі беларускіх вытворцаў».
Завяршэньне сустрэчы атрымалася некалькі скамечаным. Калі чыноўнікі пачалі сыходзіць са сцэны, Ірына Яскевіч, зьвярнуўшыся да сваіх калегаў, зазначыла: «А чаго вы чакалі ад гэтай сустрэчы?»
С. Горкі, Віцебская вясна
https://viciebskspring.org/news/pravy-pracounykh/item/109-sustrecha-vitsebskikh-chyno-nika-z-pradprymalnikami-zavyarshylasya-nichym-fota-videa#sigProIdfafd635117