Педагагічная адукацыя, здавалася б, мусіла накласці адбітак на асобу жанчыны. Прынамсі, сфармаваць схільнасць да аб’ектыўнага аналізу і асцярожнасць да «навешвання ярлыкоў». Але ў інтэрв’ю раённай газеце "Голас Расоншчыны" наконт перспектыў стварэння палітычнай партыі «Белая Русь» Таццяна Віктараўна скрайне негатыўна выказалася што на адрас сваіх замежных калегаў, што пра іх выхаванцаў. «Наши соседи – Украина, Польша, прибалтийские страны – за короткий период времени путём навязывания чуждой идеологии воспитали поколение нацистов», – заявіла спадарыня Мельман.
Такімі ж «злачыннымі радыкаламі» дырэктарка школы лічыць і апазіцыйна настроеную беларускую моладзь. Таццяна Віктараўна не шкадуе адмоўных эпітэтаў, распавядаючы, што канцэптуальныя пытанні палітычнага ўладкавання трэба вырашаць «не на улице с тратуарной плиткой в руках или флагом, который запятнан кровью твоих соотечественников, путём оскорблений и противоправных действий, а путём цивилизованного диалога между гражданами и государством».
Пра якія прыклады «цывілізаванага дыялогу» гаворыць Таццяна Мельман, меркаваць цяжка. Найхутчэй, гэта звычайны прапагандысцкі штамп, і сваё бачанне партыйнага і дзяржаўнага будаўніцтва яна выкладае ў такіх самых шаблонных выразах: «В сложное для страны время, когда нас толкали к пропасти, только сильная государственная власть и мудрость главы государства позволили сохранить мир и спокойствие на нашей земле и продолжают делать это по сей день»…
Калі ў 1993г. Таццяна Мельман прыйшла ў Клясціцкую школу маладой настаўніцай, яе цікавілі зусім іншыя рэчы. Яна захапілася беларускай этнаграфіяй і народным мастацтвам, пачала папаўняць экспанатамі, а фактычна ствараць наноў школьны гістарычны музей. Цяпер ён называецца Музеем народнай славы, і даследчыцкая дзейнасць у асноўным канцэнтруецца вакол дзвюх тэм: вывучэння падзеяў вайны 1812г. у Клясціцах і падзеяў Вялікай Айчыннай вайны.
За час працы ў Клясціцкай школе Таццяна Віктараўна прасунулася па кар’ернай лесвіцы не толькі да пасады дырэктара. Яна была ўгаравана званнем «Человек года Витебщины-2015», двойчы абіралася дэлегатам Усебеларускага народнага сходу, перамагла ў XIII Рэспубліканскім конкурсе «Жанчына году -2020» у намінацыі «Паспяховы кіраўнік». На выбарах рознага ўзроўню, у тым ліку па выбарах прэзідэнта, працавала старшынёй выбарчай камісіі.
Яшчэ два гады таму Таццяна Мельман прызнавалася журналістам, што яе глыбока ўразілі вершаваныя радкі Пятра Бітэля:
Любіць сваё – зусім не значыць
Чужое ганьбіць, адмаўляць.
Вось за чужым свайго не бачыць,
Не вывучаць, не шанаваць –
Злачынствам будзе
без сумнення,
Бо ёсць такі закон жыцця:
Шануй чужое аж да пакланення,
Сваё любі да самазабыцця.
Цяпер дырэктарка вясковай школы кардынальна змяніла свае погляды: усё замежнае для яе раптам стала варожым, дый сваё засталося родным толькі ў дапушчальных ідэалагічных рамках.
Міхась Хмара