У першых лічбах новага, 2014 году, пракуратурай Віцебску былі вынесеныя афіцыйныя папярэджаньні аб недапушчальнасьці парушэньня заканадаўства намесьнікам кіраўнікоў адміністрацыяў Кастрычніцкага, Першамайскага і Чыгуначнага раёнаў - Анатолю Кандратовічу, Вользе Гурчанка і Натальлі Ляпёшкінай. Такім чынам пракуратура адрэагавала на скаргу праваабаронцы Паўла Левінава.

Пётар Іваноў – вайсковы пэнсіянэр. Мае расейскае грамадзянства і пасьведчаньне на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь. Надоечы ён атрымаў ліст з аддзяленьня па грамадзянству і міграцыі Кастрычніцкага РАУС Віцебску, у якім паведамляецца, што дазвол на яго сталае пражываньне ў Беларусі можа быць ануляваны.

10 сьнежня споўнілася 65 гадоў з моманту прыняцьця Генэральнай Асамблеяй ААН Усеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека. Гэтая дата дае падставу паразважаць пра стан правоў чалавека ў Беларусі. Для гэтага «Дыялёг» сустрэўся зь віцебскім праваабаронцам Леанідам Сьвецікам.

Тры пікеты, па адным у кожным з раёнаў Віцебску, мусілі адбыцца 10 сьнежня, у Сусьветны дзень правоў чалавека. Нягледзячы на тое, што пікеты плянаваліся як адзіночныя і працягласьць кожнага зь іх складала б толькі адну хвіліну, – улады палічылі немагчымым іх правядзеньне без дамоваў аб мэдычным абслугоўваньні зь лекарамі, аб ахове зь міліцыянтамі і аб прыборцы тэрыторыі са сьмецьцярамі.

Віцебскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу паводле артыкулу 290 (пагроза зьдзяйсьненьнем акту тэрарызму) Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь у дачыненьні да сябра незалежнага прафсаюзу (БПР РЭП) Валера Місьнікава. Старшы сьледчы СК А. Грынявецкая ня ўгледзела ў дзеяньнях актывіста складу злачынства, за якое заканадаўствам прадугледжана максымальнае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі да 8 гадоў.