Лідарку незалежнага прафсаюзу затрымалі 11 жніўня 2023 г. у межах крымінальнай справы, распачатай паводле ч. 2 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі).
Па звестках праваабаронцаў, следства безвынікова шукала доказы вінаватасці Брыцікавай, адпаведныя высунутаму абвінавачванню. У апошнія месяцы 2023 г. у Наваполацку масава затрымлівалі былых і цяперашніх работнікаў «Нафтана», у тым ліку ўдзельнікаў агульнанацыянальнага страйку, і распытвалі іх пра дзейнасць прафсаюзнай лідаркі. Але, падобна, доказаў супраць яе, каб прымяніць згаданы вышэй артыкул Крымінальнага кодэксу, так і не знайшлі.
8-га красавіка Віцебскі абласны суд закрытым рэжыме асудзіў Вольгу да трох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Тады суддзя Галіна Бондал прызнала актывістку вінаватай толькі паводле ч. 1 арт. 130 КК.
11-га чэрвеня Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу Брыцікавай, але пакінуў яе без задавальнення, а прысуд без зменаў.
28 чэрвеня 2024 года была ўнесена ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
Напрыканцы чэрвеня Вольгу перавялі ў гомельскую ПК-4.
20 жніўня 2024 г. над Вольгай распачаўся чарговы закрыты суд. Разглядаць яе справу быў прызначаны Яўген Буруноў у Віцебскім абласным судзе. Паводле ягонага выраку, палітзняволенай дадалі яшчэ тры гады калоніі.
Марыя Башарава