«Канстатацыя выніку нашых даследаванняў вынесена менавіта ў загаловак, -- адзначыў Павел Сапелка. -- Бо барацьба з экстрэмізмам і тэрарызмам у Беларусі — гэта не той працэс, які прадпісаны Беларусі міжнароднымі дамовамі, і не з'яўляецца тым, чым гэтая барацьба насамрэч мусіць быць. Гэта выключна інструмент для барацьбы з рознага кшталту свабодамі, гэта інструмент рэпрэсій прадстаўнікоў беларускага народа і не толькі".
Аналіз нацыянальнага заканадаўства Беларусі паказаў, што шэраг нарматыўных актаў цягам апошняга году быў прыняты выключна для таго, каб узмацніць той ціск, які аказваюць улады на свабоду і правы чалавека — гэта праект новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і Закон Рэспублікі Беларусь "Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці". Апошні набыў моц 9 сакавіка 2023 года.
Паводле Паўла Сапелкі, у праекце новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі ўлады рыхтуюцца да яшчэ большага і больш сур'ёзнага «закручвання гаек». А ў новым Законе «Аб змене кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці» замацаваныя змены, якія дапоўнілі шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса новымі санкцыямі, і яны прадугледжваюць больш жорсткую адказнасць за тыя злачынствы, якія ўладамі называюцца экстрэмісцкімі, і адказнасць за якія выкарыстоўваецца як інструмент барацьбы са свабодай слова.
Дакладчык звярнуў увагу на тое, што беларускія ведамствы складаюць спісы «экстрэмістаў» і тэрарыстаў. Спіс інфармацыйных матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі, вядзе Міністэрства інфармацыі. Зараз у спісе 4 300 пазіцый, і гэта, паводле Паўла Сапелкі, вельмі ўмоўная лічба, бо экстрэмісцкімі прызнаецца незразумелая колькасць матэрыялаў: гэта можа быць 50 налепак, альбо адзін цэлы сайт, або кніга, або тэлеграм-канал. Пры гэтым памер і аб'ём гэтага спісу — адзін са складнікаў рэпрэсіўнай палітыкі. Бо шэраговаму чалавеку нават тэарэтычна цяжка меркаваць, што з таго, што ён захоўвае ў сябе на носьбіце, што ён перасылае свайму сябру, пад чым ён ставіць «лайк»— што з гэтага з'яўляецца экстрэмісцкім матэрыялам».
На сайце МУС ёсць спіс асобаў і арганізацый, прызнаных «датычнымі да экстрэмісцкай дзейнасці». Гэтаму спісу крыху больш за два гады. Ён пачаў запаўняцца ў сакавіку 2022 года. З гэтага моманту па люты 2023 года туды было ўнесена 2 487 чалавек. А з сакавіка 2023 года па люты 2024 года туды было ўнесена 1 332 чалавекі. За 2023 год 62 суб'екты былі прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі.
КДБ вядзе спіс «тэрарыстаў». «За апошні год туды ўключылі 163 чалавекі, з іх 10 у сувязі з уключэннем у санкцыйны пералік Савета Бяспекі ААН, гэта не грамадзяне Беларусі, гэта, скажам так, міжнародна-прызнаныя тэрарысты. Астатнія — згодна з рашэннем беларускіх уладаў. Гэта грамадзяне Беларусі і адзін грамадзянін Украіны», -- адзначае Павел Сапелка.
Праваабаронцы канстатуюць і ўзмацненне крымінальнага пераследу за розныя праявы, якія, на думку ўладаў, звязаныя з экстрэмізмам. Гэта абвінавачанне ў гвалтоўнай змене канстытуцыйнага ладу і (або) тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь; захоп або ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Таксама фіксуецца беспрэцэдэнтны рост адміністрацыйнага пераследу асобаў, якіх вінавацяць паводле ч.2 арт.19.11 за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
Пазнаёміцца з поўным тэкстам даклада «Абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам» можна тут.
Алег Разаноўскі