Прычынай, з якой кіраўніцтва школы атрымала заўвагу ад вышэйшага начальніка, стаў зварот да яго праваабаронцы Паўла Левінава.
На думку Левінава, у роліку, які з'явіўся на Ютубе, жанчыны з галасамі, падобнымі да галасоў дырэктара СШ №45 і яе намесніцы, праводзяць жорсткую па форме выхаваўчую гутарку з навучэнцамі гэтай школы.
Тон і агульны сэнс гэтай гутаркі можна расцаніць як запалохванне навучэнцаў пазбаўленнем іх права навучацца ў дадзенай школе ў выпадку ўчынення імі адміністрацыйных правапарушэнняў. Педагогі, на думку праваабаронцы, ужылі недапушчальныя слоўныя абароты, сэнс якіх можна расцэньваць як спробу замаху на чалавечую годнасць навучэнцаў. Улічваючы ўсе гэтыя скандальныя акалічнасці, праваабаронца прапанаваў начальніку ўпралення адукацыі Дзмітрыю Хоме даць прававую ацэнку дзеянням дырэктара СШ №45 Ірыне Лашаковой і яе намесніцы па выхаваўчай працы Алене Шароўскай.
У сваім адказе Хома прызнаў факт неэтычных паводзінаў сваіх падначаленых.
Для недапушчэння ў далейшым падобных дзеянняў у настаўніцкім асяроддзі чыноўнікам была праведзеная нарада ў аддзеле адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску.
«Кіраўнікам устаноў агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі было даручана разгледзець на педагагічных саветах пытанне аб этычных патрабаваннях, што прадʼяўляюцца да асобы педагагічнага работніка пры ажыццяўленні прафесійнай дзейнасці, у тым ліку ва ўзаемаадносінах з удзельнікамі адукацыйнага працэсу», – паведаміў праваабаронцу начальнік упраўлення па адукацыі.
«Звяртаючыся да кіраўніка ўпраўлення па адукацыі з просьбай даць прававую ацэнку дзеянням яго падначаленых, я разлічваў на суровае пакаранне гэтых "педагогаў", аж да звальнення з займаных імі пасад. Бо не дапушчальна, каб педагагічныя работнікі злосна парушалі правы навучэнцаў, прыніжалі іх чалавечую годнасць, чынілі над імі псіхалагічны гвалт», - лічыць праваабаронца Павел Левінаў.
Міхась Пісараў