Серада, 27 Сакавік 2019

Віцебскі аблсавет: ствараць камісію па правах чалавека – немэтазгодна

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Фота: house.gov.by Фота: house.gov.by

Рашэньне аб немэтазгоднасьці стварэньня пастаяннай камісіі па правах чалавека было прынятае 18 сакавіка на сумесным паседжаньні дзьвюх пастаянных камісіяў (па пытаньнях мясцовага самакіраваньня і сацабароны) Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў. Удзел у паседжаньні ўзяў віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік.

Паводле праваабаронцы, дэпутаты адзінагалосна прагаласавалі за тое, што ў стварэньні такой камісіі няма патрэбы.

Нагадаем, зь ініцыятывай заснаваць у Віцебскім абласным Савеце дэпутатаў пастаянную камісію па пытаньнях абароны правоў, свабодаў і законных інтарэсаў грамадзян выступіў на пачатку 2019 году прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту ў Віцебскай вобласьці Павал Левінаў. Старшыня аблсавету Уладзімер Цярэнцьеў паабяцаў, што пытаньне будзе разгледжанае. Але праваабаронца таксама дамогся, каб на паседжаньне былі запрошаныя прадстаўнікі грамадзкасьці.

“18 сакавіка 2019 году было праведзенае сумеснае паседжаньне пастаянных камісіяў Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў: па пытаньнях мясцовага самакіраваньня і рэглямэнту, па пытаньнях сацыяльнай сфэры, сацыяльнай абароны грамадзян і справах моладзі з удзелам праваабаронцы Л.В. Сьвеціка. Па выніках абмеркаваньня пытаньня аб пастаяннай камісіі Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў 28-га скліканьня было прынятае рашэньне аб немэтазгоднасьці стварэньня камісіі па пытаньнях правоў чалавека і нацыянальных адносінаў”, – гаворыцца ў афіцыйным адказе з аблсавету, які атрымаў Павал Левінаў.

Леанід Сьвецік: Гэта можа быць пачаткам дыялёгу

“Мой удзел у паседжаньні дзьвюх пастаянных камісіяў Віцебскага аблсавету можна лічыць пачаткам нейкага дыялёгу паміж праваабарончай супольнасьцю і прадстаўнічым органам мясцовай улады. На жаль, пакуль што ў бакоў ёсьць рознагалосьсе наконт зьместу і формы гэтага дыялёгу”, – пракамэнтаваў свой удзел у паседжаньні аблсавету віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік.  

“Аднак з асьцярожным аптымізмам можна сьцьвярджаць, што і праваабаронцы, і ўлады разумеюць неабходнасьць стварэньня нейкага камунікацыйнага органа, які б дзейнічаў пастаянна. На такой дыялёгавай пляцоўцы бакі змаглі б абменьвацца інфармацыяй, ідэямі, меркаваньнямі і гэткім чынам больш эфэктыўна бараніць правы і свабоды грамадзянаў, садзейнічаць у вырашэньні сацыяльна-эканамічных праблемаў і грамадзка-палітычных супярэчнасьцяў у рэгіёне”, – мяркуе Леанід Сьвецік.

Зьміцер Міраш