Чацвер, 07 Люты 2019

Віцебскі аблсавет разгледзіць пытаньне аб стварэньні камісіі па правах чалавека

Ацаніць гэты матэрыял
(20 галасоў)
Фота: house.gov.by Фота: house.gov.by

Праваабаронца Павал Левінаў атрымаў адказ на свой зварот, у якім прапаноўваў заснаваць у Віцебскім абласным Савеце дэпутатаў пастаянную камісію па пытаньнях абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян. Старшыня аблсавету Ўладзімер Цярэнцьеў паабяцаў, што пытаньне стварэньня такой камісіі будзе разгледжанае ўжо на чарговай сэсіі.

“Пытаньне аб стварэньні пастаяннай камісіі па пытаньнях абароны правоў чалавека будзе ўнесенае на разгляд дэпутатаў Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў на чарговай сэсіі Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў”, –  гаворыцца ў адказе на зварот праваабаронцы.

“Аб выніках разгляду Вы будзеце паінфармаваны дадаткова”, – паведамляецца ў лісьце.

Праваабаронца жадае прысутнічаць на сэсіі

Такі адказ ня цалкам задаволіў Паўла Левінава. 31 сьнежня праваабаронца накіраваў у абласны савет яшчэ адзін зварот – з просьбай правесьці паседжаньне сэсіі, на якой будзе разглядацца гэтае пытаньне, “адкрыта і публічна, загадзя паінфармаваўшы аб месцы, даце і часе сэсіі”.

Левінаў нагадаў старшыні аблсавету, што згодна з Законам “Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні” “сэсіі Савету праводзяцца адкрыта і публічна, грамадзяне маюць права ўносіць у Савет матываваныя прапановы аб неабходнасьці прыняцьця рашэньняў Савету, пры гэтым разгляд такіх прапаноў мусіць адбывацца з удзелам прадстаўнікоў грамадзян.   

Праваабаронца прапануе таксама, каб Віцебскі абласны Савет дэпутатаў разам з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый і грамадзянскай супольнасьці распрацавалі Палажэньне “Аб грамадзкім камітэце па правах чалавека Віцебскай вобласьці”.

Нагадаем, што зараз у Віцебскім абласным Савеце дзейнічае пяць пастаянных камісій – па пытаньнях агракомплексу і экалёгіі, эканамічнага разьвіцьця, мясцовага самакіраваньня, прамысловасьці і ЖКГ, а таксама па пытаньнях сацыяльнай сфэры. Ніводная зь іх не не закранае наўпрост пытаньні абароны правоў чалавека.

На думку Паўла Левінава, стварэньне камісіі па правах чалавека ў абласным Савеце паспрыяе абароне правоў і свабод грамадзян, а гэтым самым – паменшыць колькасьць індывідуальных зваротаў у Камітэт ААН па правах чалавека ад жыхароў Віцебшчыны.

Па колькасьці такіх зваротаў у КПЧ ААН Віцебская вобласьць займае зараз першае месца сярод рэгіёнаў Беларусі.

Зьміцер Міраш