Аўторак, 20 Чэрвень 2017

У Віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня ўсё добра?

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

Намесьнік начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Руколь на скаргі актывіста Ігара Пастнова пра нібыта парушэньні ўмоваў утрыманьня ў ІЧУ паведаміў, што праверка па заяве завершаная.

У адказе міліцэйскі начальнік падрабязна распавёў доктару Пастнову, якія арганізацыі адказныя за санітарна-эпідэміялягічны стан камэраў і памяшканьняў ІЧУ, за гігіену і харчаваньне вязьняў. Так, паводле спадара Руколя, дзяржаўная ўстанова «Віцебскі занальны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі» на сталай аснове ладзіць прафіляктычныя дэзінфэкцыйныя, дэзінсэкцыйныя і дэратызацыйныя (зьнішчэньне грызуноў) мерапрыемствы. Што ж да прыбіраньня камэраў, дык яно ажыцьцяўляецца асобамі, што ўтрымліваюцца пад вартай, у парадку чарговасьці. Прадметы для прыбіраньня камэры выдаюцца на адмысловую просьбу ў час, вызначаны распарадкам дня.

Як сьцьвярджае намесьнік галоўнага начальніка міліцыі вобласьці, грамадзяне, якія ўтрымліваюцца пад вартай, забясьпечваюцца бясплатным трохразовым харчаваньнем, дастатковым для падтрыманьня здароўя і сілаў - паводле нормаў, вызначаных Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Гатаваньне ежы для асоб, якія ўтрымліваюцца ў ІЧУ, згодна з дамовай ажыцьцяўляе ААТ «Віцебскі ЛГЗ "Прыдзьвіньне"». Ежа раздаецца ў адпаведнасьці з вызначанымі санітарна-гігіенічнымі нормамі.

Разгледзеўшы прыведзеныя скаржнікам факты, Руколь паведамляе, што гэтыя факты «падчас дасьледаваньня пададзеных матэрыялаў, вывучэньня матэрыяльна-тэхнічнага абсталяваньня, апытаньня супрацоўнікаў міліцыі, а таксама асоб, якія ўтрымліваюцца ў ІЧУ, не знайшлі свайго пацьверджаньня».

Аднак доктар Пастноў ня верыць міліцэйскім адпіскам. Ён спадзяецца, што найбліжэйшым часам праваабаронцы адкрыюць ўсю праўду пра ўмовы ўтрыманьня і побыту ў ІЧУ.

Лявон Яфрэменка