Серада, 14 Чэрвень 2017

Павал Левінаў выйшаў з ІЧУ пасьля вымушанага «маніторынгу ўмоваў утрыманьня»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Завяршыўся 15-сутачны адміністрацыйны арышт Паўла Левінава. Праваабаронца выйшаў на волю зь Віцебскага ізалятара часовага ўтрыманьня.

17 красавіка судзьдзя Іна Грабоўская абвінаваціла сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту ва ўдзеле ў несанкцыянаваных грамадзянскіх акцыях 25 і 26 сакавіка і пакарала яго арыштам. Аднак за краты праваабаронца трапіў толькі ў апошні дзень траўня. Перад сваёй ізаляцыяй Павал Левінаў заявіў, што скарыстаецца дадзенай яму магчымасьцю і правядзе маніторынг умоваў утрыманьня ў віцебскім ізалятары. Сваё слова праваабаронца стрымаў і па выхадзе падзяліўся з журналістамі і аднадумцамі сваімі назіраньнямі і высновамі.

Як ён адзначыў, умовы ўтрыманьня ў параўнаньні з 2008 годам, калі ён быў там апошні раз, палепшыліся. Але толькі ў тым сэнсе, што ўдалося, дзякуючы праваабаронцам, замацаваць заканадаўча атрыманьне прадуктовых перадач і магчымасьць мець у камэры наручны гадзіньнік.

Але самае ўсьцешнае – гэта падтрымка з волі. За два тыдні ў ІЧУ ён атрымаў некалькі дзясяткаў лістоў ад знаёмых і незнаёмых яму людзей як зь Беларусі, так і з замежжа.

15 сутак вольнага часу ня мінулі марна: за гэты час ён вывучыў некалькі справаў Камітэту па правох чалавека ААН, перачытаў аповесьць Міхася Лынькова «Міколка-паравоз» і аповесьць Францішка Аляхновіча «У кіпцюрох ГПУ».

«Здавалася б, навошта перачытваць дзіцячую аповесьць пра падзеі пачатку мінулага стагодзьдзя з школьнай праграмы? – задаецца пытаньнем праваабаронца, і сам на яго адказвае. – Твор пра тое, як беларускі народ змагаўся з панамі, царом і жандарамі. Мінула роўна сто гадоў, але, што дзіўна, з кім змагаліся, з тым і змагаемся. А ўзяць Аляхновіча: там пра Салавецкія лягеры: нічога не зьмянілася – тыя самыя ўмовы ўтрыманьня, тое самае беднае харчаваньне. Жыцьцё ідзе наперад, а мы стаім на месцы, зьнямелі. Мы ў нейкім ранейшым вымярэньні».

Адказваючы на пытаньне аднаго з журналістаў, Павал Левінаў заявіў: «Гэтыя адседкі загартоўваюць. Калі ўлада думае, што яна нейкім чынам змусіць нас адмовіцца ад нашых перакананьняў – а мы нічога супрацьпраўнага ня робім – то яна памыляецца. Наогул, пасьля маіх апошніх разваг я прыйшоў да перакананьня, што ІЧУ – гэта анахранізм. Ён не дае аніякай карысьці, а толькі шкоду як дзяржаве, так і яе грамадзянам. Ён не выпраўляе, а толькі азлабляе людзей. Ёсьць такія асобы, што знаходзяцца ў ягоных сьценах больш, чым на волі. У такім выпадку губляецца сам сэнс гэтай установы: выйшаў – і зноў сюды. Першы крок, які я зраблю, будзе хадайніцтва аб перадачы гэтай установы ў ведамства цывільнага міністэрства: міністэрства юстыцыі, міністэрства працы ці яшчэ якога-небудзь іншага, але ніяк ня МУС».

У апошні дзень свайго арышту Паўлу Левінаву ўдалося нетрывіяльна пакпіць з абсурду, удзельнікам якога яго прымусова зрабілі. Падчас абходу дзяжурны пабачыў у камэры нешта незвычайнае: ложак часова зьняволенага быў засланы белай прасьціной з чырвонай паласой пасярэдзіне, а на навалачцы, якая ляжала зьверху, было напісана: «Свабоду палітвязьням Беларусі!».

Але самым абуральным для Паўла Левінава стаўся той факт, што месяц харчаваньня ў ІЧУ каштуе больш за 350 рублёў.

«Няхай разьбяруцца, дзе нас дураць: альбо тут на месцы, альбо там наверсе? Няўжо тая луста хлеба і лыжка кашы, якая ня бачыла ні масла, ні малака, ды тая катлета, зробленая, пэўна, зь недададзенага хлеба, каштуе 11 рублёў 50 капеек? А прыносяць гэтую ежу арыштаваным з кафэ “Белая Русь”, дзе харчуюцца супрацоўнікі аблвыканкаму. Хацелася б зараз запрасіць старшыню аблвыканкаму і пачаставаць яго гэтымі прысмакамі, пажадаўшы смачна есьці».

«Але ведаю адно, калі зьменіцца час і мы памяняемся месцамі, я зраблю ўсё магчымае, каб іх тут кармілі добра», – завяршыў Павал Левінаў пад воплескі прысутных.

С. Горкі