Серада, 21 Жнівень 2013

Віцебскі абаронца грамадзянскіх правоў зьвярнуўся па абарону да спэцдакладчыка ААН

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Пётар Іваноў Пётар Іваноў

Віцябчук Пётар Іваноў накіраваў скаргу на дзеяньні службовых асоб дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь на адрас спадарыні Маргарат Сэкаг’і, спэцдакладчыка Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па пытаньні аб сытуацыі з праваабаронцамі. Ён просіць прызнаць, што службовыя асобы дзейнічалі ў адносінах да яго як праваабаронцы недапушчальным чынам, супярэчачы духу і літары «Дэклярацыі аб праве і абавязку пэўных асоб, груп і органаў грамадзтва падтрымліваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды».

Дэклярацыя, на якую спасылаецца Пётар Іваноў у сваёй скарзе, была прынятая рэзалюцыяй Генэральнай асамблеі ААН 9 сьнежня 1998 году. Таксама ён просіць спэцыяльнага дакладчыка прапанаваць Рэспубліцы Беларусь ліквідаваць дапушчаныя парушэньні і не дапускаць іх у будучыні.

У сваім звароце да прадстаўніка ААН Пётар Іваноў нагадаў храналёгію падзеяў. У сакавіку ён накіраваў на імя начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму Ігара Яўсеева заяву пра парушэньне супрацоўнікамі ДАІ правілаў дарожнага руху. Калі апошнія затрымлівалі грамадзкіх актывістаў Аляксея Кішчука і Стаса Лаўрэнава, якія ладзілі акцыю, і выехалі на ходнікі, Іваноў быў сьведкам падзеі.

Разьбіраўся па заяве падпалкоўнік Аляксандар Сьцяпанаў. Вынік разбору: замест таго, каб пакараць даішнікаў-правапарушальнікаў, пакаралі самога заяўніка – ён нібыта абгаварыў супрацоўнікаў міліцыі. Падпалкоўнік Сьцяпанаў склаў адпаведны пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні, і судзьдзя суду Першамайскага раёну Віцебску Валянціна Кісьмярошкіна пакарала Іванова штрафам у памеры 4 мільёнаў рублёў.

Далей – больш. Судзьдзя Віцебскага абласнога суду Сьвятлана Іванова, якая разглядала касацыйную скаргу па справе, атрымала неабвержны доказ таго, што судзьдзя Кісьмярошкіна груба парушыла працэсуальна-выканаўчы кодэкс, выносячы рашэньня супраць змагара за правы грамадзян. Падчас судовага паседжаньня ёй быў уручаны аўдыёзапіс, які пацьвярджаў, што судзьдзя Кісьмярошкіна сфальсыфікавала вынесеную ёй пастанову: у залі суду ёй быў зачытаны адзін варыянт пастановы, а пазьней на рукі праваабаронца атрымаў зусім іншы варыянт. Паводле нармальнай лёгікі, справу павінны былі б вярнуць на новы разгляд, але судзьдзя Іванова вырашыла, што суд першай інстанцыі ўсё зрабіў правільна.

Больш таго, пасьля згаданых судоў было пастаўленае пытаньне аб узбуджэньні супраць Пятра Іванова крымінальнай справы. Па гэта ў Сьледчы камітэт зьвярнуўся старшыня Першамайскага райсуду Віцебску А.А. Андрушэнка. Падчас судовых паседжаньняў Іваноў нібыта абразіў супрацоўнікаў міліцыі, за што яму цяпер пагражае зьняволеньне тэрмінам да 3-х гадоў.

Але і гэтага мала. Надоечы намесьнік пракурора Георгі Каранько вынес Іванову афіцыйнае папярэджаньне пра недапушчальнасьць парушэньня заканадаўства. Пётар Іваноў зьяўляецца грамадзянінам Расеі, які мае пасьведчаньне на жыхарства ў Беларусі. Дык вось, яго папярэдзілі, што ў выпадку далейшага парушэньня адміністрацыйнага або крымінальнага закону дазвол на яго пастаяннае пражываньне ў Рэспубліцы Беларусь можа быць ануляваны. У гэтым выпадку ён цягам месяца абавязаны будзе пакінуць тэрыторыю Беларусі, больш ня зможа свабодна ўяжджаць у краіну, у якой нарадзіўся і вырас, і сувязь зь сям’ёй, якая жыве ў Беларусі, будзе страчаная.

«Пакуль я ня ўсклаў на сябе абавязкі праваабаронцы, да мяне не было прэтэнзіяў з боку беларускай дзяржавы як да замежнага грамадзяніна. Але як толькі я пачаў актыўна абараняць правы і законныя інтарэсы грамадзян, я стаў “злосным парушальнікам” беларускіх законаў», – сьцьвярджае Пётар Іваноў.