Чацвер, 29 Жнівень 2013

Ці распачне КДК адміністрацыйны працэс у адносінах да раённага начальніка АУС?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Часова выконваючы абавязкі начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму палкоўнік міліцыі Мікалай Данькоў паведаміў, што па звароце віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава на «тэлефон даверу» МУС Рэспублікі Беларусь кіраўніцтвам унутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму праведзеная праверка, па выніках якой начальніку аддзелу ўнутраных спраў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску падпалкоўніку міліцыі Шаховічу А.І. строга паказана на недапушчэньне надалей фактаў несвоечасовага пачатку правядзеньня асабістага прыёму грамадзян.

31 ліпеня 2013 г. начальнік раённай міліцыі пачаў асабісты прыём грамадзян са спазьненьнем больш чым на 30 хвілін. Павал Левінаў не пакінуў гэты факт без увагі. Праінфармаваў па тэлефоне МУС Рэспублікі Беларусь і пакінуў запіс у кнізе заўваг і прапаноў райадзьдзелу міліцыі. На запіс з райадзьдзелу паступіў адказ аб тым, што асабісты прыём быў пачаты… своечасова. Вышэйстаячая ж міліцэйская інстанцыя прызнала факт несвоечасовасьці пачатку правядзеньня асабістага прыёму грамадзян падпалкоўнікам міліцыі Шаховічам А.І.

«Такое дзеяньне ўтрымлівае склад адміністрацыйнага правапарушэньня, адказнасьць за якое вызначаная артыкулам 9.13 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Ці хопіць сьмеласьці Камітэту дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласьці, куды мной накіраваная заява аб адміністрацыйным правапарушэньні, распачаць адміністрацыйны працэс у дачыненьні да начальніка аддзелу ўнутраных спраў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску падпалкоўніка міліцыі Шаховіча А.І., пакажа час», - растлумачыў Павал Левінаў.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"