За лідэрам міжнароднай арганізацыі “Малады фронт” (Чэхія) Зьмітром Дашкевічам у віцебскім сьледчым ізалятары № 2 усталявалі кругласутачнае назіраньне. Пра гэта паведаміла намесьніца старшыні арганізацыі Анастасія Палажанка. Паводле яе слоў, 5 верасьня яна разам з адвакатам Дашкевіча наведала СІЗА № 2. «Мяне да Дашкевіча, вядома, не пусьцілі, зь ім сустракаўся ягоны адвакат», - адзначыла Палажанка.

 

Лідэра незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Дашкевіча этапавалі з Глыбоцкай калёніі ў Віцебскі сьледчы ізалятар у ноч на 4 верасьня. Пра гэта паведаміла ў сваім акаўнце на Facebook ягоная нявеста Наста Палажанка: “Сёньня ўночы ў Зьмітра этап на Віцебскае СІЗА-2… Яго можна падтрымаць, даслаўшы паштоўку альбо тэлеграму па нумары 166 на адрэсу: Віцебск, Гагарына 2, СІЗА-2. 210026”.