Міхаіл Жамчужны паведамляе, што цэнзура яго лістоў на волю працягваецца. Апошні ліст у Віцебск змог прайсьці праз цэнзара толькі з другога разу. Першае сьнежаньскае пасланьне было «зьнішчанае за цынізм». Пад цэнзуру не падпадаюць толькі лісты праваабаронцам.
«Але і гэта, напэўна, не зусім так. Тэкст ліста, які датуецца вязьнем горацкай калёніі 5-м сьнежня, спазнаў невялікую цэнзуру ці, прынамсі, – самацэнзуру», – выказвае здагадку праваабаронца Леанід Сьвецік.
Зь ліста Жамчужнага
Міхаіл Жамчужны працягвае таксама дамагацца ў судзе скасаваньня статусу «зьняволенага, схільнага да экстрэмісцкіх паводзінаў», які «навесіла» на яго адміністрацыя калёніі. Але пакуль што – безвынікова: суд Горацкага раёну пасьлядоўна прымае пазыцыю кіраўніцтва папраўчай установы.
«Горацкі суд ужо другі раз адмаўляецца разглядаць справу аб пастаноўцы мяне на прафіляктычны ўлік як «схільнага да экстрэмізму», – піша Жамчужны. На апошнюю адмову разгледзець зварот судзьдзём Аляксандрам Зайцавым, палітвязень накіраваў прыватную скаргу ў Магілёўскі абласны суд.
Перад ізаляцыяй у штрафны ізалятар Міхаіл Жамчужны пасьпяшаўся павіншаваць калегаў-праваабаронцаў з будучымі сьвятамі.
«Я з 2019/12/23 іду зноў у ШІЗА сьвяткаваць Новы год. Таму віншую ўсіх праваабаронцаў зь міжнародным Днём абароны правоў чалавека і іншымі цудоўнымі зімовымі сьвятамі!» – напісаў палітвязень.
Міхаіл Ігаравіч дзякуе за падтрымку і паведамляе, што са здароўем у яго ўсё ў парадку.
Нагадаем, што палітвязень Жамчужны за два апошнія гады правёў у ШІЗА больш 500 сутак.
Лявон Яфрэменка