Нядзеля, 03 Сакавік 2024

Яшчэ двух жыхароў Віцебскай вобласці прызналі палітвязнямі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Паводле заявы прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці ад 29 лютага, палітычнымі зняволенымі прызнаны Уладзімір Лісіца -- жыхар райцэнтра Лёзна, асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады), і віцяблянін Дзмітрый Палякоў, асуджаны па тым самым крымінальным артыкуле на паўтара гады зняволення. Праваабаронцы лічаць, што крымінальны пераслед гэтых асобаў – гэта ўціск свабоды меркаванняў.

43-гадовага Дзмітрыя Палякова асудзіў суд Першамайскага раёна Віцебска. Справу Палякова разбіраў суддзя Міхаіл Юрчанка, які і дагэтуль выносіў карныя прысуды па палітычных справах, і які нядаўна пайшоў на падвышэнне – быў прызначаны старшынём Лепельскага раённага суда.

Паводле абвінавачання, 28 жніўня, 7 верасня і 27 верасня 2021 года, знаходзячыся ў замежжы, Дзмітрый Палякоў размясціў у Telegram у агульнадаступнай публічнай групе, інфармацыйная прадукцыя якой прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі, абразлівыя каментары з ненарматыўнай лексікай на адрас прадстаўнікоў улады – кіраўнікоў падраздзяленняў органаў унутраных спраў у сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў.

За абразу прадстаўнікоў улады прызнаны Дзмітрыю Палякову было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафа памерам 100 базавых велічынь. Таксама суд пастанавіў спагнаць з Палякова кампенсацыю маральнай шкоды на карысць траіх пацярпелых на агульную суму 5500 рублёў.

Уладзімір Лісіца, ураджэнец Украіны, былы "афганец", працаваў вартаўніком. Быў затрыманы за тое, што пакінуў у "Аднакласніках" каментары, якія былі кваліфікаваны як абраза прадстаўнікоў улады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Яго старонка ў гэтай сацыяльнай сетцы прызнана «экстрэмісцкай».

Справу Уладзіміра разгледаў суддзя Аляксей Лапушанскі, працэс у судзе Лёзненскага раёна прайшоў у снежні 2023 года. Паводле выраку, Уладзімір Лісіца мае адбыць тры гады ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама сплаціць 7 400 рублёў штрафу і кампенсацыю маральнай школы двум пазоўнікам – генеральнаму пракурору Беларусі Андрэю Шведу і наваполацкаму дэпутату гарсавета Мядзведскаму -- па 3 000 рублёў кожнаму.

Барыс Малаеў