Пятніца, 13 Люты 2026

Яшчэ двое ўраджэнцаў Віцебшчыны трапілі ў “экстрэмісцкі спіс” на сайце МУС

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гэта 34-гадовы аршанец Рычард Логвінаў і 51-гадовы ўраджэнец Віцебскага раёна Аляксей Нядзвецкі. Абодвух асудзілі па “справе Гаюна”, але старэйшага – і яшчэ па двух палітычна матываваных артыкулах.

У абноўленым 13 лютага пераліку асобаў, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, з’явілася імя і прозвішча Аляксея Георгіевіча Нядвецкага, ураджэца вёскі Сакольнікі Віцебскага раёна.

Мужчыну 51 год (нар. 24 студзеня 1975 г.) Паводле звестак на сайце МУС, ён асуджаны Віцебскім абласным судом па трох крымінальных артыкулах:
-ч.1 арт 368 КК РБ (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);
-арт. 369 КК РБ (абраза прадстаўніка ўлады);
-ч.1 арт. 361-4 ( садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Аляксей Нядвецкі ўжо адбывае пакаранне, тэрмін пакуль не вядомы.

Пакаранне адбывае і аршанец Рычард Рычардавіч Логвінаў. Ён нарадзіўся ў Оршы 14 лістапада 1991 года, скончыў СШ №4. Пазней вучыўся ў Беларуска-расійскім універсітэце, працаваў інжынерам-тэхнолагам на заводзе "Чырвоны барацьбіт" у Оршы.

Рычарда Логвінава  затрымалі 24 чэрвеня 2025 года па так званай "справе Гаюна". Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым  паводле чч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

На сайце міліцэйскага ведамства у пераліку асобаў, "датычных да экстрэмісцкай дзейнасці", пазначана, што хлопец "адбывае пакаранне". Гэта азначае, што ён пакараны рэальным тэрмінам  зняволення.

Марына Яўневіч