Панядзелак, 29 Снежань 2025

"Наша Ніва" абрала Чалавекам года-2025 палітвязня Мікалая Статкевіча

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Мікалай Статкевіч, асуджаны да 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму за арганізацыю масавых беспарадкаў, быў у групе вызваленых палітвязняў, якую вывозілі ў Літву 11 верасня. Але ен вырашыў любым коштам застацца на Радзіме. Таму, калі аўтобус праязджаў пункт пропуску «Каменны Лог», Статкевіч выбіў у ім дзверы і выйшаў.

"Ён застаўся ў нейтральнай зоне паміж Беларуссю і Літвой. Некаторыя спрабавалі ўгаварыць яго вярнуцца, але Статкевіч быў непахісны. Ён сказаў, што выйсці збіраецца толькі тады, калі Беларусь будзе вольная ад улады Лукашэнкі, а цяпер хоча знаходзіцца са сваім народам у любых умовах. Палітык паспеў пазваніць сваёй жонцы, пазней яго забралі людзі ў масках. Цяпер Статкевіч зноў у зняволенні" — піша "Наша Ніва".

Да 11 верасня Мікалая Статкевіча ўтрымлівалі ў глыбоцкай калоніі. Дзе цяпер знаходзіцца палітвязень — невядома. Яго жонцы паведамілі толькі тое, што ён "адбывае пакаранне".

Чацвёрты год запар "людзьмі года" «Нашай Нівы» становяцца палітзняволеныя. У мінулым годзе "чалавекам года" быў прызнаны Анджэй Пачобут, журналіст і актывіст неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі, якога трымаюць у Наваполацкай ПК-1. 

Міхаіл Здароўскі