Серада, 07 Студзень 2026

Экс-палітзняволеная Наталля Кукішава запісала відэаролік у адказ Аляксандру Лукашэнку

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Ураджэнку Аршаншчыны  абурыла абвяшчэнне Лукашэнкам 2026-га года “Годам жанчыны. Наталля Кукішава лічыць гэта заява – сапраўдны здзек у  той час, як у беларускіх турмах зняволеныя жанчыны ўсіх узростаў мусяць трываць здзекі, грэблівае стаўленне да сябе, якое праяўляецца нават у тым, што іх пазбаўляюць прадметаў гігіены.

Відэаролік Наталля Кукішава размясціла ў сваім Tik-Tok-канале, які завяла летась, пакінуўшы Беларусь пасля адбыцця тэрміну зняволення.

У 2021 годзе яна  працавала фельчарам у стаматалагічным аддзяленні Аршанскай паліклінікі №2, і ў ліку іншых медыкаў была ўзнагароджана граматай Аршанскага райвыканкама за працу падчас ковіду. Жанчыну затрымалі па падазрэнні ў абразе дзяржаўнага служачага ў каментарах, пакінутых у сацсетках. Крымінальны пераслед тычыўся “справы Зельцэра” – інцыдэнта, калі ў верасні 2021 года ў кватэру ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцэра ламіліся сілавікі, і падчас перастрэлкі загінуў гаспадар і адзін з супрацоўнікаў КДБ.  Але пасля некалькіх месяцаў знаходжання ў СІЗА абвінавачанне Наталлі Кукішавай змянілі.

У жніўні 2022 г. суд Оршы і Аршанскага раёна пакараў Наталлю Кукішаву 2-ма гадамі калоніі за абразу прэзідэнта РБ. Наталля Кукішава, прызнаная беларускай праваабарончай супольнасцю  палітычнай зняволенай, адбыла гэты тэрмін "ад званка да званка", а пазней з'ехала з Беларусі ў Амерыку.

Алег Ванееў