Чацвер, 11 Верасень 2025

На волі чацвёра палітвязняў з Віцебшчыны!

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сярод іх - блогер з Барані Дзмітрый Казлоў і віцебскі відэааператар-фрылансер Вячаслаў Лазараў (на фота) . Яшчэ двое вызваленых - Віктар Уласенка, асуджаны па трох артыкулах Крымінальнага Кодэкса,  і Павел Нікіценка, асуджаны па чытарох крымінальных артыкулах, у тым ліку за абразу прэзідэнта і прадстаўніка ўлады (абодва).

Вячаслаў Лазараў - журналіст, відэааператар-фрылансер. Віцебскі абласны суд першапачаткова прызнаў яго вінаватым у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361–4 КК РБ) і асудзіў да 5 з паловай гадоў  калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Але  Вярхоўны суд перакваліфікаваў абвінавачанне  і пастанавіў пакараць журналіста за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні (арт. 361–1 КК РБ ) 5-цю гадамі зняволення ў калоніі ва ўмовах звычайнага рэжыму ўтрымання.

Дзмітрый Казлоў - жыхар Барані, невялікага гарадка пад Оршай, блогер і грамадскі актывіст, заснавальнік YouTube-канала «Серый кот». Магілёўскі абласны суд прызнаў яго і яшчэ шасцярых актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» вінаватымі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК РБ). Яго асудзілі да 4 з паловай гадоў зняволення, але літаральна за адзін дзень да выхаду з-за кратаў адбыўся яшчэ адзін суд, і Казлову і дадалі яшчэ адзін год зняволення - нібыта за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі (артыкул 411 КК).

Павел Нікіценка быў асуджаны да 4 з паловай гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Судовы працэс быў закрыты, але вядома, што мужчыну асудзілі па 6 артыкулах Крымінальнага кодэкса:

- ч. 3 арт. 203-1 (парушэнне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоваў, тэлеграфных ці іншых паведамленняў),

- ч. 3 арт. 293 (навучанне і іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках), 

- арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак),

-ч. 1 арт. 361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем), 

- арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь),

- арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). 
Апрача гэтага, суд пакараў Нікіценку штрафам у памеры 3200 рублёў і задаволіў  патрабаванні аднаго з пацярпелых - прысудзіў кампенсацыю маральнай шкоды на суму 1000 рублёў.

Віктар Уласенка быў прызнаны вінаватым паводле

- арт. 369  (абраза прадстаўніка ўлады),

- арт. 368  — Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

- ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса — Незаконны абарот наркатычных сродкаў без мэты збыту, бо пры вобшуку ў яго дома была знойдзеная марыхуана для ўжывання. Уласенку асудзілі да 4 гадоў калоніі і да выплаты 3 000 рублеў кампенсацыі маральнай школы пацярпелым.  Вядома, што адным пацярпелых па справе прызнаны намеснік міністра МУС Мікалай Карпянкоў, таксама пацярпелай па справе была прызнаная Наталля Качанава.

 Нагадаем, 11 верасня  52 зняволеных беларускіх турмаў былі вызвалены па памілаванні, якое адбылося у выніку сустрэчы Лукашэнкі з амерыканскай дэлегацыяй, у ліку якой быў Джон Коўл, прадстаўнік прэзідэнта ЗША Трампа. Вызваленыя былі прымусова вывезены ў Літву праз пункт пропуску "Каменны лог". Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яны “нам не патрэбныя”.

Фонд BYSOL абвясціў збор сродкаў на  падтрымку вызваленых вязняў. Заяўленая першапачаткова сума ў 50 тысяч еўра была сабрана за тры гадзіны! Збор працягваецца.

Яшчэ адзін збор адкрыты для фінансавання шэлтэра ў Літве, дзе першы час будуць знаходзіцца вызваленыя беларусы. Збіраюць 2 500 еўра, ахвотныя могуць падтрымаць былых палітвязняў  і такім чынам.

Леанід Міхно