Пятніца, 12 Верасень 2025

У абноўленым пераліку "экстрэмістаў" - яшчэ чацвёра жыхароў Віцебшчыны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

12 верасня на сайце МУС чарговы раз абнавілі пералік асобаў, "датычных да экстрэмісцкай дзейнасці". Сярод іх дзве ураджэнкі Наваполацка, аршанец і віцяблянін. Есць падставы меркаваць, што мужчыны асуджаныя па так званай справе "Беларускага Гаюна" - за перасылку фотаздымкаў расейскай вайсковай тэхнікі, якая перасоўвалася праз Беларусь.

"Экстрэмісткамі" прызналі Таццяну Францкевіч і Наталлю Лабацэвіч. Таццяна і Наталля – жыхаркі Наваполацка. Іх затрымалі 19 ліпеня 2024 г. Сёлета ў лютым Віцебскі абласны суд прызнаў жанчын вінаватымі паводле арт. 361-4 КК РБ (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Нагадаем, Таццяна — маці палітзняволенага Аляксандра Францкевіча, асуджанага да 17 гадоў і 9 месяцаў калоніі. Наталля — маці экс-палітвязня Іллі Лабацэвіча, які адбыў паўтара года ў зняволенні. Абедзве жанчыны таксама прызнаны палітзняволенымі. У пералік асобаў, "датычных да экстрэмісцкай дзейнасці" на сайце МУС іх імёны і прозвішчы былі ўнесены 12 верасня 2025г.

У абноўленым 12 верасня пераліку “экстрэмістаў” -  і аршанец Яўген Бодрыкаў. Яго затрымалі сёлета ў траўні. Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым паводле чч. 1 і 2 арт. 361-4 КК РБ за здымкі вайсковай тэхнікі на вакзале. 28-гадовы хлопец “ужо дбывае пакаранне. Праваабаронцы прызналі Яўгена Бодрыкава палітвязнем.

Бодрыкаў скончыў СШ№17, быў пераможцам прадметных алімпіядаў па гісторыі: у 2014 г. здолеў перамагчы на рэспубліканскай алімпіядзе. Быў узнагароджаны грашовым сартыфікатам ад імя раённага ўпраўлення адукацыі. Пазней Бодрыкаў паступіў на бюджэтную форму навучання на гістфак БДУ.

У 2020 г. хлопецў быў затрыманы і збіты падчас грамадскіх пратэстаў у Мінску: з чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь. Пасля быў аштрафаваны судом Фрунзенскага раёна на 675 руб. па ч.1 арт. 24.23 КаАП за удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У 2022 г. па тым самым артыкуле суд у Оршы пакараў яго арыштам на 15 сутак з фотаздымак у сацсетках, дзе на хлопцы была майка з Пагоняй.

Яшчэ адзін новы “экстрэміст” з Віцебшчыны - Аляксей Камовіч. Сыходзячы з таго, што яму пастаўлена ў віну, Камовіч, найхутчэй, таксама з’яўляецца ўдзельнікам справы “Беларускага Гаюна” ( чч. 1 і 2 арт.361-4 КК РБ - садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Паводле інфармацыі з пераліку асаобаў, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, 46-гадовы мужчына ўжо адбывае пакаранне.

Як піша рэсурс @vitebsk_info, асабістыя дадзеныя, указаныя на сайце МУС, супадаюць са звесткамі пра супрацоўніка банкаўскай сферы. У такім выпадку, вядзецца пра Аляксея Пятровіча Камовіча, які кіраваў банкаўскай структурай «БПС -СБЕРБАНК» у Наваполацку і некалькі год запар з’яўляўся экспертам грамадска-кансультатыўнай рады пры Наваполацкім гарвыканкаме.

Аляксей Міхайлаў