Пад увагу сілавікоў Аляксандр Рандарэнка трапіў пасля таго, як яго з сябрам «развялі на шчырасць» у відэа-чаце «Размовы з Палычам». У красавіку 2024 года Аляксандр Рандарэнка і яго сябар Дзяніс Саўчанка былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за «прапаганду нацызму» (ч. 1 арт. 19.10 КоАП). У судзе Рандарэнка казаў, што падчас распівання спіртовых напояў, у стрыме з незнаёмым выказаў лозунг грамадска-палітычнага характару, пры гэтым прадэманстраваў вымпел з выявай сцяга Украіны жоўта-сіняга колеру.
Імя Дзяніса Саўчанкі больш у раскладах віцебскіх судоў не згадвалася. А вось Аляксандра Рандарэнку у судзе Першамайскага раёна Віцебска па адміністрацыйных справах з красавіка па чэрвень судзілі мінімум 5 разоў. Потым Рандарэнку прад’явілі крымінальнае абвінавачанне.
Паводле афіцыйнай інфармацыі з абласной пракуратуры, абвінавачанаму было «інкрымінавана 19 эпізодаў наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай і сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай расавай, нацыянальнай і сацыяльнай прыналежнасці, а таксама наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму».
6 снежня мінулага года блізкі да сілавікоў Тэлеграм-канал «Северная столица» прадэманстраваў аператыўныя фотаздымкі Аляксандра Рандарэнкі, збітага падчас затрымання. Сёлета ў студзені бударуская праваабарончая супольнасць прызнала мужчыну палітычным зняволеным.
Адначасова з Рандарэнкам у абноўлена 14 сакавіка "экстрэмісцкі пералік" на сайце МУС уключылі яшчэ траіх жыхароў Віцебшчыны
Алег Бондараў