Як паказвае практыка, палітвязняў спачатку пазбаўляюць званкоў, спатканняў і перадач, якіх, згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам (КВК). Потым адміністрацыя папраўчых установаў пераходзіць да больш жорсткіх пакаранняў: ШІЗА і ПКТ.
Штрафны ізалятар (ШІЗА) у калоніях падобны да звычайнай турэмнай камеры, дзе «шконка» (ложак) адшпільваецца толькі на ноч з 21:00 і да 5:00. Ніякіх асабістых рэчаў браць з сабой нельга, толькі туалетную паперу, мыла, маленькі ручнік, зубную пасту і шчотку. Вязням у ШІЗА забараняюцца працяглыя і кароткатэрміновыя спатканні, тэлефонныя размовы, у тым ліку з выкарыстаннем сістэм відэасувязі, набыццё прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці, атрыманне пасылак, перадач, бандэроляў і дробных пакетаў, адпраўленне і атрыманне лістоў, карыстанне настольнымі гульнямі і паленне. Пасцельныя прыналежнасці ім таксама не выдаюцца, на шпацыры не выводзяць (згодна з п. 1 арт. 114.КВК). Пры пераводзе ў ізалятар зняволеным выдаюць спецыяльнае адзенне, на якім вялізарнымі літарамі напісана «ШІЗА». Максімальны тэрмін змяшчэння вязня ў ізалятар — 10 сутак. Каб утрымліваць вязняў там як мага больш, адміністрацыя складае некалькі пратаколаў запар.
Умовы ў ШІЗА вельмі жорсткія і іх можна расцэньваць як катаванні. Звычайна камера штрафнога ізалятару вельмі маленькая і халодная. Увесь час зняволеным дазволена толькі або хадзіць па камеры, або сядзець на каменным "пуфіку", як яго называюць самі супрацоўнікі. Сядзець на падлозе нельга — за гэта могуць дадаць новае спагнанне.
Памяшканне камернага тыпу (ПКТ) — спецыяльнае памяшканне, у якім утрымліваюцца асуджаныя да пазбаўлення волі, пераведзеныя ў парадку спагнання за злосныя парушэнні вызначанага парадку адбыцця пакарання ў папраўчых калоніях. Вязняў закідваюць туды тэрмінам да шасці месяцаў за «сістэмныя парушэнні». Там яны маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль на працягу шасці месяцаў і мець штодзённы шпацыр працягласцю 30 хвілін. Таксама вязням дазволенае ліставанне, аднак яно часта беспадстаўна блакуецца цэнзарам. Гэтыя абмежаванні тычацца і вязняў, якіх змяшчаюць у адзіночную камеру. Да асуджаных, пераведзеных у ПКТ, могуць ужывацца ўсе меры спагнання, акрамя пераводу ў ПКТ (згодна з п. 8 арт. 113 КВК). Напрыклад, пераводзіць з ПКТ у штрафны ізалятар. Пры гэтым, тэрмін знаходжання ў ШІЗА не залічваецца ў тэрмін змяшчэння ў ПКТ.
Каго лічуць «злосным парушальнікам рэжыму»?
Паводле заканадаўства, злосным парушальнікам рэжыму прызнаюць вязня, які за адпаведны перыяд здзейсніў адразу некалькі парушэнняў вызначанага парадку адбыцця пакарання. А менавіта, калі ў яго ёсць не меней за: чатыры вымовы ці чатыры пазачарговыя дзяжурствы па прыбіранні памяшканняў ці тэрыторыі папраўчай установы; тры спагнанні, адно з якіх — пазбаўленне чарговай пасылкі ці перадачы, а таксама пазбаўленне чарговага працяглага ці кароткатэрміновага спаткання; два спагнанні, адно з якіх — змяшчэнне асуджанага ў ШІЗА.
Гэта накладае на вязняў дадатковыя абмежаванні, галоўнае з якіх — змяншэнне "атаваркі" да дзвюх базавых велічыняў (74 рублі ў месяц). На гэтыя грошы, як адзначаюць знявоеныя, без заробку і з пазбаўленнем пасылак у калоніі вельмі цяжка выжываць. Таксама "злоснікі" не могуць афіцыйна уваходзіць у склад розных секцый і здымаюць трохкутнік [жоўтая нашыўка] з рукава. Прызнанне "злоснікам" набліжае вязняў да новай крымінальнай справы паводле арт. 411 КК або да перавода на "турэмны рэжым".
Як караюць палітвязняў за «сістэматычныя» парушэнні
Практыка пакарання вязня ШІЗА ці ПКТ выкарыстоўваецца для далейшага ўзмацнення рэжыму і пераводу на турэмны рэжым у так званую «крытую турму», або ўзбуджэння новай крымінальнай справай за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса. Гэта два самых жорсткіх дысцыплінарных пакарання, прадугледжаныя законам.
Перавод на турэмны рэжым — гэта камерныя умовы ўтрымання, дзе, у адрозненні ад калоніі, вязні ўвесь час сядзяць у чатырох сценах. Укамерах людзі гадамі могуць сядзець у рэжыме 24/7 з аднымі і тымі ж людзьмі ў колькасці ад трох да дванаццаці чалавек.
У «крытай» ёсць два рэжымы: строгі і агульны. Адразу пасля прыбыцця ў турму вязень трапляе на строгі турэмны рэжым, а на агульны яго могуць перавесці толькі праз паўгода (па рашэнні начальніка ўстановы). На строгім рэжыме не могуць утрымлівацца цяжарныя жанчыны і тыя, якія маюць пры сабе непаўнагадовых дзяцей, а таксама асуджаныя, якія маюць інваліднасць І і ІІ групы.
Гэты рэжым прадугледжвае максімальную колькасць абмежаванняў для асуджанага. Пры гэтым, у правілах унутранага распарадку гаворка ідзе толькі пра тое, што ім дазволена, то бок усё астатняе ім забаронена.
На агульным турэмным рэжыме дазваляецца атаварвацца на дзве базавыя велічыні; мець два кароткатэрміновыя спатканні ў год; атрымліваць адну пасылку ці перадачу і дзве бандэролі ці два дробныя пакеты ў год; штодзённа шпацыраваць ва ўнутраным дворыку працягласцю да паўтары гадзіны. На строгім турэмным рэжыме дазваляецца атаварвацца на адну базавую велічыню; мець адно кароткатэрміновае спатканне ў год; атрымліваць адну бандэроль ці адзін дробны пакет ў год; штодзённа шпацыраваць ва ўнутраным дворыку працягласцю да адной гадзіны.
Але і ўсяго гэтага адміністрацыя турмы можа пазбавіць за «парушэнні». Ціск на зняволеных не сканчваецца нават пасля ўзмацнення рэжыму. Так, напрыклад, палітвязня Мікіту Емяльянава ўжо ў магілёўскай турме №4 часта змяшчалі ў ШІЗА, дзе ўтрымлівалі больш за месяц, і пазбаўлялі спатканняў і званкоў. Акрамя гэтага, за шматлікія «парушэнні» ўжо ў «крытай» на палітвязня завялі крымінальную справу за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы.
Рашэнне аб узмацненні рэжыму прымае суд. У «крытую» вязня могуць адправіць толькі да трох гадоў, таму, калі тэрмін пакарання больш, то пасля турмы зняволенага вяртаюць у калонію на той рэжым, які першпачаткова быў прызначаны судом. Адміністрацыя турмы збірае дакументы, якія нібыта пацверджваюць парушэнне рэжыму вязнем, і перадаюць іх у суд. Пасля гэтага зняволеных этапуюць з калоніі ў «крытую» турму, якіх у Беларусі тры: гарадзенская турма №1, магілёўская турма №4 і жодзінская следчая турма №8.
Крымінальная справа за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі
Згодна з Крымінальным кодэксам да адказнасці па артыкуле 411 КК прыцягваюцца тыя вязні, якім цягам года за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання прызначалі дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе перавода ў ПКТ, адзіночную камеру або ў «крытую» турму. Па гэтым артыкуле зняволеных могуць асудзіць да пазбаўленне волі тэрмінам да аднаго года, а за асабліва небяспечны рэцыдыў — да 2 гадоў.
Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, альбо іншае супрацьдзеянне адміністрацыі ў ажыццяўленні яе функцый асобай, якая адбывае пакаранне ў папраўчай установе, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, калі гэта асоба за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання падвяргалася цягам года дысцыплінарнаму спагнанню ў выглядзе пераводу ў памяшканне камернага тыпу, спецыялізаваную палату, адзіночную камеру або пераводзілася ў турму (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі). Караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да аднаго года.
Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае злачынства.Караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.
З практыцы вынікае, што тэрмін палітычнага зняволенага залежыць не толькі ад выраку суда, але і ад жадання супрацоўнікаў МУС як мага больш пагоршыць умовы адбыцця тэрміну, у тым ліку і падоўжыць яго.