Аўторак, 16 Май 2023

Лістоў ад Мікалая Статкевіча па-ранейшаму няма, але жонка атрымала адказ з глыбоцкай калоніі №13

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Ужо 95 дзён, як Марына Адамовіч не атрымлівае лістоў ад свайго мужы, палітзняволенага палітыка Мікалая Статкевіча. Устурбаваная ягоным лёсам, жанчына дасылала запыты ў Дэпартамент выканання пакаранняў і ў адміністрацыю глыбоцкай калоніі №13, дзе палітвязень адбывае пакаранне – 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах асаблівага рэжыму – прысуджанае яму паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя масавых беспарадкаў).

«36 спагнанняў, з іх за 14 - ШІЗА (5 - за апошнія тры месяцы, тэрмін не паведамляюць). Зараз, верагодна, ў ШІЗА таксама, альбо толькі выйшаў. Чарговы раз пакараны знаходжаннем на паўгады ў той самай адзіночцы 1х3 м, аналагу ПКТ у "звычайнай" калоніі. (Мінулыя паўгады расцягнуліся на 9 месяцаў). Гэта значыць, што, калі не ў ШІЗА, гэта значыць кругласуткава ў каменным мяшку з прагулкай у такім жа каменным мяшку паўгадзіны на дзень.

Пазбавілі ўсяго: адзінай пасылкі і спатканняў. Пра тэлефанаванні гаворка нават не ідзе», - Марына Адамовіч цытуе паведамленне, атрыманае з калоніі.

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку яна піша таксама, што праблема з ліставаннем засталася нявырашанай. Ёй адказалі, што ёйныя лісты да мужа "апрацоўваюцца ва ўстаноўленыя тэрміны". Гэта значыць, ёсць верагоднасць, што ён іх атрымлівае, хаця не выключана, што не ўсе. А што да лістоў з-за кратаў, то жонцы паведамілі толькі адно: «Перапіска не забаронена». Але куды знікаюць лісты, калі іх няма больш як тры месяцы, Марыне Адамовіч не патлумачылі.

У падобным становішчы апынуліся і сваякі іншых палітзняволеных. Ужо месяц, як няма лістоў ад Паўла Севярынца, распавяла ягоная маці спадарыня Таццяна: «Апошні раз з належныя па законе 10 хвілін размаўляла з ім 25 лютага. Спачатку шэраг сутак ШІЗА, з красавіка- ПКТ, 3 месяцы. Я ўпарта пішу яму штодня».

Феліцыян Красоўскі