12 траўня тэлеграм-канал Mayday са спасылкай на былога зняволенага ПК-1 паведаміў, што Віктар Бабарыка «больш не прыпісаны да атрада».Чалавек, які адбываў свой тэрмін у ПК-1 у Наваполацку, пацвердзіў валанцёрам, што Бабарыка апошнім часам знаходзіўся ў памяшканні камернага тыпу. У дачыненні да яго быў магутны прэсінг з боку супрацоўнікаў калоніі. Уноч з 24 на 25 красавіка яго шпіталізвалі са слядамі збіцця, некалькі сутак ён праходзіў лячэнне ў гарадской бальніцы Наваполацка, а далейшае месцазнаходжанне палітвязня невядомае. Сувязі праз ліставанне з Віктарам Бабарыкам няма з 9 лютага.
Сваякі Віктара Бабарыкі спрабавалі трапіць на прыём да кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. Менавіта ў ДВП адказваюць за ўтрыманне і бяспеку зняволеных. Родныя хацелі даведацца пра месцазнаходжанне і стан здароўя Віктара, а таксама атрымаць магчымасць убачыць яго і пераканацца, што з ім усё добра. Але ў прыёме было адмоўлена.
У ПК 1 Віктар Бабарыка знаходзіўся паводле прысуду, вынесенага ў судзе Маскоўскага раёна Мінска 6 ліпеня 2021 г. Яму прысудзілі 14 год калоніі , абвінаваціўшы паводле двух крымінальных артыкулаў: арт. 235 (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам) і арт. 430 (атрыманне хабару). За гэта ён быў асуджаны да 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і да штрафу памерам 145 тысяч рублёў (пяць тысяч базавых велічыняў). Таксама, паводле судовага выраку, ён пэўны час не мае права займаць кіроўныя пасады і павінен выплаціць больш за 46 мільёнаў рублёў у якасці кампенсацыі нібыта нанесенай ім шкоды. Свае віны Віктар Бабарыка не прызнаў.
Міхась Хмара