Субота, 22 Кастрычнік 2022

Замежныя палітыкі сталі «хроснымі» у палітвязняў Яны Пінчук і Васіля Бераснева

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай нямецка-швейцарскай праваабарончай арганізацыяй «Libereco – Партнёрства за правы чалавека», сімвалічныя «хросныя» з’явіліся ў палітзняволенай ураджэнкі Віцебску Яны Пінчук і ў палітвязня з Воршы, прафсаюзнага актывіста Васіля Бераснева. Падтрымаць зняволеных вырашылі прадстаўнікі Вялікабрытаніі і Нямеччыны.

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, Яна Пінчук з верасня 2020 года па лістапад 2021 года «у групе з іншымі людзьмі з мэтай узбуджэння сацыяльнай варожасці» стварыла Telegram- канал, інфармацыйная прадукцыя якога прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі. Следчыя зрабілі высновы, што, адмініструючы інфармацыйны рэсурс, дзяўчына публічна заклікала да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу краіны і прычыненню шкоды нацыянальнай бяспецы. Ёй прад’яўлены абвінавачанні па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: распальванне сацыяльнай варожасці (частка 3 артыкула 130), стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем ( і 2 артыкула 361-1), заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі (частка 3 артыкула 361). Дзяўчыну экстрадзіравалі ў Беларусь з Расеі, дзе яна жыла апошнія некалькі гадоў, і цяпер яе трымаюць у віцебскім СІЗА-2.

Яе сімвалічным хросным вырашыў стаць Тоні Лойд, член Палаты абшчын Вялікабрытаніі. «Я ганаруся тым, што падтрымліваю Яну Пінчук. Яе могуць прыгаварыць да 12 гадоў пазбаўлення волі ў суровых умовах у Беларусі за нібыта вядзенне Telegram-канала з крытыкай нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі. Мы працягнем прыцягваць увагу да сітуацыі ў Беларусі, каб такія палітвязні, як Яна, не былі забытыя. Рэжым Лукашэнкі павінен ведаць, што мы назіраем, а тыя, каго пераследуе гэты рэжым, як Яна, павінны ведаць, што іх падтрымліваюць», заявіў Тоні Лойд.

Сімвалічным хросным Васіля Бераснева, кіраўніка Аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, абвясціў сябе Дэтлеф Мюлер, дэпутат Бундэстага Нямеччыны. « Васіль Бераснеў зʼяўляецца кіраўніком незалежнага прафсаюзнага руху радыё- і электратэхнікаў, які КДБ класіфікаваў як тэрарыстычны і забараніў сваю дзейнасць. Я салідарны з усімі тымі, хто сваім мірным актывістскім пратэстам змагаецца супраць нядобрасумленнага беларускага ўраду і за свабодную і дэмакратычную дзяржаву, як і Васіль Бераснеў», патлумачыў сваю пазіцыю Дэтлеф Мюлер.

Паводле звестак праваабаронцаў, крымінальная справа, распачатая супраць Яны Пінчук, яшчэ знаходзіцца на этапе следства. Крымінальная справа Васіля Бераснева, якога вінавацяць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), 15 кастрычніка была перададзена ў пракуратуру, і неўзабаве мае быць прызначана дата суду.Пакуль яго ўтрымліваюць у менскім СІЗА-1.

Феліцыян Красоўскі