Субота, 22 Кастрычнік 2022

Сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” палітвязень Уладзімір Лабковіч святкуе свой Дзень народзінаў за кратамі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Сёння, 22 кастрычніка, палітзняволенаму каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзю Лабковічу спаўняецца 44 гады — гэта ўжо другі Дзень народзінаў, які вясновец вымушаны сустракаць за кратамі. За 15 месяцаў зняволення ў яго моцна пагоршылася здароўе, праваабаронцу перыядычна блакуюць ліставанне, трое яго дзетак гадуюцца без бацькі.

Уладзімір Лабковіч нарадзіўся ў 1978 годзе. У актыўнай грамадскай дзейнасці з 1996-га года, калі разам з людзьмі, з якімі сябруе дагэтуль, стваралі «Малады Фронт».

У 1997-м годзе ў «Маладым Фронце» ўваходзіў, а потым і ўзначальваў праваабарончую камісію, асноўнымі функцыямі якой былі збор інфармацыі і дапамога тым маладафронтаўцам, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці. З 1998-га года як валанцёр далучыўся да працы Праваабарончага цэнтра «Вясна».

У 2000-м годзе скончыў юрыдычны факультэт недзяржаўнага Інстытута сучасных ведаў. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001-га года звязаў сваю працу з праваабаронай.

Падтрымаць Уладзіміра лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі і пасылкамі можна па адрасе: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Уладзімір Мікалаевіч Лабковіч.