26 лістапада 2021 года суд Першамайскага раёну Віцебску вынес прысуд 45-гадоваму Дзмітрачэнку. Ён быў прызны вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) – былога кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргея Сташэўскага і прыгаварыў Алега да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.
Прысуд агучыў суддзя Міхаіл Юрчанка. Пракуратура прасіла суд пакараць Дзмітрачэнку двума з паловай гадамі абмежавання волі.
У ходзе папярэдняга следства было высветлена, што 12 жніўня 2020 году Алег Дзмітрачэнка, выкарыстаўшы свой мабільны тэлефон, са свайго ўліковага запісу «ВКонтакте», пад публікацыяй «Чыноўнік Сяргей Сташэўскі прымусіў чальцоў камісіі падрабіць пратакол» у суполцы «Гэта Віцебск, дзетка» пакінуў допіс абразлівага зместу. Напісаў нібыта ў дачыненні чыноўніка фразу «Адзін з мр…яў».
Падчас папярэдняга следства Дзмітрачэнка віны не прызнаваў. Спачатку наагул адмаўляў факт учынення ім злачынства, мяркуючы, што ягоная старонка «ВКонтакте» была ўзламаная. Потым спаслаўся на тое, што перад ягоным каментаром ужо былі каментары з негатыўнай ацэнкай учынку Сташэўскага і ягоны допіс тычыцца не чыноўніка, а менавіта аднаго з каментатараў.
Аднак на судзе Дзмітрачэнка змяніў пазіцыю: цалкам прызнаў віну і заявіў, што раскайваецца ва ўчыненым, а абразлівы допіс зрабіў пад уплывам эмоцыяў. Таксама выказаў гатоўнасць прынесці пацярпеламу публічныя прабачэнні.
Сяргей Сташэўскі таксама змяніў сваю першапачатковую пазіцыю, і ў пісьмовай заяве ўказаў, што не настойвае на прыцягненні Дзмітрачэнкі да крымінальнай адказнасці.
Віталь Кажух