Пазбаўленыя свабоды, гэтыя смелыя і годныя беларусы і беларускі цяпер маюць патрэбу ў нашай перш за ўсё маральнай падтрымцы і салідарнасці. І гэтую падтрымку можна аказаць кожны неабыякавы чалавек, калі напіша хаця б адзін ліст падтрымкі ў калонію або на «хімію». Палітвязні чакаюць іх і будуць вам шчыра ўдзячныя.
Спісы тых, хто пакутуе ў зняволенні, можна знайсці на адмысловай старонцы ПЦ «Вясна».
Працытуем некалькі лістоў палітвязняў, якія прарваліся праз турэмную цэнзуру.
«Вялікі дзякуй за віншаванне з Днём настаўніка! Вельмі прыемна! І за словы падтрымкі, і за верш! Дзякуй вялікі! Вельмі кранальнае. Сапраўды, небу без розніцы гэтыя краты. І калі носіш сваё неба ў сабе, то нішто не можа перашкодзіць яго бачыць. Я таксама часта так пісала пра свабоду – што мяне таксама можна пасадзіць у клетку, але мая свабода ўсё роўна будзе ў мяне ўнутры».
«Вялікі дзякуй усім за падтрымку і дапамогу. Дзякуючы неабыякавым людзям я не губляю надзеі на больш хуткую светлую будучыню. Упэўнена, што ў бліжэйшы час усё наладзіцца, я духам не падаю. Зараз жа ў вольны час імкнуся мець зносіны з самымі блізкімі, чытаю кнігі, адказваю на лісты. Тут вельмі не хапае цішыні і асабістай прасторы, бо ў пакоі 12 чалавек. Ну, нічога не зробіш, даводзіцца прывыкаць».
«Што тычыцца такіх судовых працэсаў, як нюрнбэргскі, то вы маеце рацыю. Падчас іх вялікая частка людзей хавалася за словамі «я выконваў загад». Аднак нашмат больш страшны суд не грамадства, а сваіх родных, дзяцей і ўнукаў. Вельмі страшна, калі ад людзей, якія чынілі зверствы і якія выконвалі злачынныя загады, адварочваюцца іх родныя. І зусім ужо невыносна, калі аказваецца, што гэтыя людзі выхоўваюць дзяцей, якія апраўдваюць такія ўчынкі сваіх бацькоў. Гэта – мярзотнікі ў квадраце».
Лявон Яфрэменка