Справу палітвязня разбірае суддзя Сняжана Кіндзеева. У якасці дзяржабвінаваўцы выступае пракурор Віжбовіч. 51-гадовы нараджэнец Варапаева Віцебскай вобласці Андрэй Новікаў знаходзіцца пад вартай.
Андрэя Новікава абвінавачваюць у «арганізацыі групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія выклікалі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый» (ч.1. арт. 342 КК). А таксама – у наўмысным незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы РБ замежным грамадзянінам да завяршэння тэрміну забароны ўезду ў Рэспубліку Беларусь (арт. 371 заўвага 2 КК РБ).
Палітвязень цалкам прызнаў віну ў незаконным перасячэнні мяжы (арт. 371) і часткова – паводле арт. 342.
Андрэй Новікаў прызнаў, што ўдзельнічаў у масавых мерапрыемствах, стварыў тэлеграм-канал, у якім размяшчаў відэаролікі. Але адмовіўся прызнаваць факт змовы з Сяргеем Ціханоўскім і Мікалаем Статкевічам ды іншымі людзьмі і арганізацыі масавых мерапрыемстваў у Менску, Гомлі і Гародні.
«Ва ўсіх гэтых дзеяннях я выказваў выключна ўласную пазіцыю», – заявіў ён.
Падчас судовага паседжання Новікаў згадзіўся даваць паказанні. Пытанні суддзі і пракурора тычыліся стаўлення падсуднага да беларускай дзяржавы («Што вас наагул тут не задавальняла?» – «Я сутыкнуўся з неразуменнем і машынай бюракратыі»), стасунках і сустрэчах з Ціханоўскім, арганізацыі пікетаў для збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую.
Суд працягнецца 20 ліпеня. На паседжанні будзе апытаны сведка з боку абвінавачання Віталь Бугаёў.
Андрэй Новікаў, падпалкоўнік расейскай паліцыі ў адстаўцы, быў затрыманы 14 красавіка 2021 года ў вёскі Прусы, што на Пастаўшчыне, куды таемна прыехаў да сваёй сям'і, каб адвезці хворага дзіця на лячэнне. Яго абвінавацілі ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы (арт. 371 КК), у доме прайшоў ператрус, была канфіскаваная тэхніка і дакументы.
Раней, падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 году, ён браў актыўны ўдзел у якасці валанцёра «Краіны для жыцця». Супраць яго была распачатая крымінальная справа па ч.1 арт. 342. Сем месяцаў Новікаў правёў у следчым ізалятары, пасля ўлады дэпартавалі яго ў Расею, забараніўшы цягам 10 гадоў уязджаць на тэрыторыю Беларусі.
Андрэй Новікаў быў прызнаны палітвязнем.
Зміцер Міраш