Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Віцебскі абласны суд задаволіў пратэст пракурора на мяккасць выраку суду першай інстанцыі і змяніў пакаранне для палітвязняў Віктара Шауры і Віталя Шыцікава з «абмежавання волі» («хімія») на «пазбаўленне волі». Для Шауры – на 2 гады калоніі, для Шыцікава – на 2 гады і 6 месяцаў калоніі.
Навапалачан затрымалі 10 жніўня 2020 году. Абодвум выставілі абвінавачанні паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
У студзені 2021 году іх справу разбіраў суд гораду Наваполацку.
Паводле абвінавачвання, «Віктар Шаура разам з Віталём Шыцікавым і іншымі неўстаноўленымі асобамі ўвечары 10 жніўня бралі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак... разам з іншымі рухаліся па праезнай частцы вуліцы Маладзёжнай Наваполацку, ішлі наперадзе групы грамадзян на забаронены сігнал святлафора, перакрывалі рух транспарту, гучна крычалі «Жыве Беларусь!», «Ганьба», «Позор», «Уходи!», пляскалі ў далоні, нецэнзурна лаяліся ў бок прадстаўнікоў праваахоўных органаў».
21 студзеня суддзя Віталь Лапко прызнаў мужчын вінаватымі і прысудзіў абодвух да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Менавіта на гэты прысуд пракуратура Наваполацку прынесла пратэст, а Віцебскі абласны суд яго задаволіў.
Па стане на 23 чэрвеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 502 чалавекі.
Янка Прас
Чытайце нас на нашым канале ў Telegram.