«Чакаем суду. Калі будзе суд, пакуль не ведаю. Дату пакуль не ўстанавілі. Дзе адбудзецца суд, таксама не ведаю. Дзесьці ў Віцебскай вобласці пройдзе», – кажа жонка Андрэя Новікава Вольга.
Спаткання не дазволілі
Жанчына адна выхоўвае дваіх няпоўнагадовых дзяцей, адзін з іх мае групу інваліднасці. За два месяцы яна ніводнага разу не пабачыла мужа.
«Спатканне ніхто не дазваляе. Не даюць пакуль што. Маўляў, пакуль следства – ніякіх спатканняў. Цяпер ужо, відаць, пабачымся на судзе», – кажа.
Ад амбасады РФ - нуль рэакцыі
Па словах Вольгі, тое, што Андрэй мае расейскае грамадзянства, пакуль што ніякім чынам яму не дапамагае. З боку амбасады РФ – нуль рэакцыі.
«Расейскае пасольства ніякага ўдзелу ў гэтым не бярэ. Чакаем, чакаем, а ніхто не прыходзіць, не прыязджае. Хоць звярталіся. І з Расеі звярталіся, і сам муж звяртаўся. Але ніякай рэакцыі. Чакаем...» – падзялілася жанчына.
Паводле Вольгі, у Расеі ў яе мужа амаль нікога няма. Пасля дэпартацыі ён папрацаваў там некалькі месяцаў.
«Выперлі чалавека, вырвалі з жыцця. І пакінулі без усяго. Тут усё ў яго, у Беларусі – і сям'я, і маёмасць. Усе сваякі на Пастаўшчыне», – абураецца Вольга.
Лісты з Валадаркі
Андрэй Новікаў пасля дэпартацыі з Беларусі прыняў рашэнне вярнуцца дадому, у вёску Прусы Пастаўскага раёну, каб адвезці ў Менск на лячэнне хворага дзіцяці. Але зрабіць гэтага так і не здолеў – яго зноў затрымалі.
«У Менск на лячэнне я дзіця адвезла-ткі. Прыйшлося ўсё мяняць, усё зрываць, усё перарабляць. І наагул кучу ўсяго вырашаць, але ўсё ж паехалі», – распавядае Вольга.
Яна расказала, што атрымала з Валадаркі некалькі лістоў ад мужа.
«Лісты піша. Піша, што адчувае сябе нармальна. Ён аптыміст. Трымаецца як звычайна. Малайчына!» – кажа жонка палітвязня.
Андрэй Новікаў, падпалкоўнік расейскай паліцыі ў адстаўцы, быў затрыманы 14 красавіка 2021 года ў вёскі Прусы, што на Пастаўшчыне, куды таемна прыехаў да сваёй сямʼі, каб адвезці хворага дзіця на лячэнне. Яго абвінавацілі ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы (арт. 371 КК), у доме прайшоў ператрус, была канфіскаваная тэхніка і дакументы.
Раней, падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 году, ён браў актыўны ўдзел у якасці валанцёра «Краіны для жыцця». Супраць яго была распачатая крымінальная справа па ч.1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Справа дагэтуль не спыненая. 7 месяцаў Новікаў правёў у следчым ізалятары, пасля ўлады дэпартавалі яго ў Расею, забараніўшы цягам 10 гадоў уязджаць на тэрыторыю Беларусі. Андрэй быў прызнаны палітвязнем.
Уладзімір Бяляўскі