Суд Наваполацка 14 студзеня працягвае разглядаць крымінальную справу мясцовых жыхароў Віктара Шаура і Віталя Шыцікава, якіх абвінавачваюць у арганізацыі або актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Працэс вядзе намеснік старшыні Наваполацкага суда Віталь Лапко.
Нагадаем, Віктар Шаура быў затрыманы ў Наваполацку ўвечары 10 жніўня. 13 жніўня яго маці патэлефанаваў следчы з Віцебска і паведаміў, што яе сыну выставілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК РБ, якое пазней было перакваліфікаванае на больш жорскі артыкул. У кватэры Шауры прайшоў ператрус. Ён быў прызнаны палітычным зняволеным, пазней выпусцілі пад падпіску.
Яшчэ адзін фігурант справы Віталь Шыцікаў таксама знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе.
Наваполацк: судзяць “арганізатараў” групавых дзеянняў, якія парушылі грамадскі парадак
Сёння ў судзе дапытваюць другога абвінавачанага - Віталя Шыцікава.
Суддзя пытаецца ў Шыцікава, чаму ён быў у авангардзе калоны, чаму казаў грамадзянам куды ім рухацца і што рабіць:
– Вы загадвалі ім, але хто вас вызначыў на такую ролю?
– Я не загадваў нікому, можа казаў, што трэба бегчы, гаварыў гучна, бо было шумна. Магчыма, я крыкнуў некалькі разоў “Позор!”. Не праезную частку ў той час не выходзілі, стаялі за агарожай насупраць сцэпкі сілавікоў. Насупраць мяне стаяла 6 байцоў у поўнай экіпіроўцы. Я задаваў ім пытанні наконт таго, як людзям жыць далей.
Віталь Шыцікаў кажа, што на вуліцы быў сам па сабе. Калі пачуў па рацыі вайскоўцаў, што будзе зачыстка, развярнуўся і спакойна сыйшоў. Бачыў вялікую колькасць аўтазакаў, людзі беглі ў двары. Ён схаваўся спачатку ў нейкім пад’ездзе, пазней вярнуўся на вуліцу.
На судзе Шыцікаў прызнаў, што выказваў незадаволенасць дзеяннямі супрацоўнікаў сілавых структур, ставіўся ў сцэпку і крычаў “Жыве Беларусь!” і “Позор”.
Пасля допыту Шыцікава ў судзе праглядаюцца відэазапісы з месца падзеяў.
Будзе дапоўнена.
Крыніца: У Наваполацку працягваецца суд над актыўнымі ўдзельнікамі жнівеньскіх падзей Дапоўнена