Пацярпелым у справах Арцёма Кандрацьева і Сяргея Рудзінскага быў адзін і той жа чалавек – начальнік аршанскай інспекцыі па справах няпоўнагадовых Вішнеўскі. Паводле абвінавачання, 29-гадовы жыхар Воршы Арцём Кандрацьеў 12 жніўня размясціў фота Вішнеўскага, а таксама звесткі пра яго, якія следства палічыла абразлівымі ды ілжывымі. Суддзя Іна Кохава прызнала мужчыну вінаватым і прысудзіла паўтара года «хіміі». Ад 29 траўня Арцём Кандрацьеў адбывае пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу №6 у Брэсцкай вобласці.
Арцём Кандрацьеў
Сяргей Рудзінскі прызнаны вінаватым у абразе таго ж самага Вішнеўскага ў каментары ў тэлеграм-чаце «Орша 97%». Суддзя Мікалай Драгуноў прызначыў аршанцу такое ж пакаранне – паўтара года «хіміі». Рудзінскі адбывае яе ў Ваўкавыску.
Праваабарончая супольнасць палічыла прысуды, вынесеныя аршанцам, палітычна матываванымі, звязанымі з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, і прызнала іх палітвязнямі.
У афіцыйнай заяве выстаўленыя патрабаванні аб неадкладным вызваленні палітвязняў і спыненні ў дачыненні іх крымінальнага пераследу. Праваабаронцы таксама патрабуюць ад уладаў «зрабіць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней заведзеныя па гэтых артыкулах крымінальныя справы».
Па стане на 2 чэрвеня ў Беларусі прызнаны палітычнымі вязнямі 451 чалавек.
Пісаць лісты Арцёму Кандрацьеву трэба на адрас: папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №6. 225889, Брэсцкая вобл., Кобрынскі раён, в. Лушчыкі.
Пісаць Сяргею Рудзінскаму на адрас: папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №29. 230415, г. Ваўкавыск, вул. Ракасоўскага, 118.
Зміцер Міраш