Адразу пасля спаткання, якое доўжылася амаль 2 гадзіны і праходзіла ў віцебскім СІЗА-2, жонка палітвязня падзялілася сваімі эмоцыямі і думкамі.
«Як мяне ўбачыў, узрадаваўся, заўсміхаўся. Але вельмі бледны, на свежае паветра іх мала выводзяць. У камеры ўвесь час паляць, і ад гэтага нікуды не дзенешся. Рэчы цёплыя яго забрала, яны ўсе прапахлі цыгарэтным дымам. Ён працягвае кашляць, я яму купіла інгалятар», – расказвае Ірына.
Адмаўляюць у аперацыі на пальцы
Паводле яе слоў, за месяц, які яна не бачыла мужа, Уладзімір змяніўся і выглядае больш бледным. Зламаны пры затрыманні палец так і не стаў на месца – патрэбная аперацыя.
«Гэты палец наагул вывернуты ў іншы бок, таму трэба аперацыя. Калі Валодзю ўжо вялі ў аўтазак са зламаным пальцам, і ў аўтазаку, дык ён папярэджваў міліцыянта, каб быў асцярожны, бо ў яго зламаны палец. Але супрацоўнік, наадварот, схапіўся за гэты палец і вывернуў яго. Тады менавіта муж страціў прытомнасць», – успамінае жонка палітвязня.
Яна кажа, што, адміністрацыя ізалятару і начальнік медычнай часткі адмаўляюць Уладзіміру ў правядзенні аперацыі. «Маўляў, аперацыю рабіць не будзем, таму што «палец – не жыццёва важны орган», то бок з гэтым можна жыць», – абураецца Ірына.
«Прыкавалі ланцугом да кратаў»
Распавяла, што, як і на мінулым спатканні, Уладзіміра падчас размовы трымалі прыкутым ланцугом. «Ад наручнікаў на руках у яго глыбокія сляды, прышпілілі ланцугом да арматуры, да кратаў. Праз шкло па тэлефоне дужа не пагаворыш, там усё трашчыць», – кажа.
Уладзімір расказаў жонцы, што ў яго камеры сядзяць людзі па розных крымінальных артыкулах, стасункі паміж сукамернікамі сяброўскія: «Сказаў, што ўсе адзін аднаго падтрымліваюць. Што ні з кім там не сварыцца і да яго ніхто не чапляецца».
Палітвязень паведаміў, што на шпацыр выводзяць іх рэдка, даводзіцца ўвесь час знаходзіцца ў цеснай і душнай камеры: «Сядзіць, глядзіць у столь, часам у вакно прабіваецца сонца. Ён вельмі рады, калі з'яўляецца сонца. А так – разгадвае крыжаванкі. Класціся на «шконкі» не даюць днём. Не дазволена».
Ірына кажа, што Уладзімір вельмі моцна сумуе па дзецях.
Куды этапуюць – не паведамляюць
Жанчына перажывае, што наступнае спатканне з мужам можа адбыцца няхутка, ужо толькі па этапаванні ў калонію. Але куды і калі яго адвязуць – няма інфармацыі. «Яму нічога не гавораць, хаця сукамернікам ужо паведамілі, хто куды едзе, у які горад, а мужу нічога не кажуць – ён нічога не ведае».
Рашэнне абласнога суду аб незадавальненні апеляцыйнай скаргі не стала для Уладзіміра нечаканасцю: «Ад суду ён чакаў тое ж самае, што і я. Чаго ад іх чакаць? Справядлівага рашэння не было і быць не магло», – падсумоўвае Ірына.
Тым не менш, Уладзімір Малахоўскі паспрабуе скарыстацца апошнім шанцам і абскардзіць пастанову Віцебскага аблсуду ў Вярхоўным судзе.
Уладзімір Бяляўскі