Супольная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці Мінск, 1 чэрвеня 2021 г.
У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай праваfабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:
- Руслан Валюк – асуджаны судом Смаргонскага р-на Гродзенскай вобласці па арт. 188 КК (паклёп) на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Арцем Кандрацьеў – асуджаны прысудам суда Аршанскага р-на Віцебскай вобласці на паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 188 КК (паклёп), накіраваны для адбыцця пакарання;
- Дзмітры Лукашэвіч– затрыманы, абвінавачаецца па арт. 368 КК (абраза прэзідэнта) і ч.2 арт. 339 (хуліганства), знаходзіцца пад вартай у СІЗА;
- Андрэй Шарэнда –затрыманы, абвінавачваецца па арт. 368 КК (абраза прэзідэнта) і арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), знаходзіцца пад хатнім арыўтам;
- Сяргей Рудзінскі – асуджаны прысудам суда Аршанскага р-на Віцебскай вобласіц па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) на паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Руслана Валюка, Арцёма Кандрацьева, Дзмітрыя Лукашэвіча, Андрэя Шарэнду, Сярея Рудзінскага і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
РГА "Прававая ініцыятыва”;
"Ініцыятыва FORB";
РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт".
Крыніца: Заява праваабарончых арганізацый аб прызнанні 5 новых палітычных зняволеных