Хворы на анкалогію 54-гадовы Уладзімір Малахоўскі быў асуджаны 1 сакавіка 2021 года да трох з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Таццяна Родзіна прызнала яго вінаватым у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК). Сваёй віны мужчына не прызнаў
У сваёй апеляцыі Малахоўскі адзначыў, што вынесены прысуд не адпавядае акалічнасцям справы: гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў унутраных спраў ён не чыніў і гвалтам ім не пагражаў. Выказаў меркаванне, што міліцыянты яго агаварылі, бо «парушылі службовыя інструкцыі і збілі яго»
Уладзімір Малахоўскі лічыць, «што судом не ўстаноўлены факт ужывання гвалту ў дачыненні пацярпелых, што суду не было пададзена бясспрэчных і дакладных доказаў, якія аспрэчваюць яго сцверджанне пра неўчыненне злачынства, прадугледжанага арт. 364 КК»
Прасіў прысуд у дачыненні да яго адмяніць і спыніць судаводства ў крымінальнай справе праз адсутнасць складу злачынства
Адвакатка таксама звярнула ўвагу судовай калегіі на тое, што ўсе абвінавачванні будаваліся выключна на падставе супярэчлівых паказанняў супрацоўнікаў міліцыі і што відэа, якія маюцца ў матэрыялах справы, пацвярджаюць паказанні яе падабароннага. Таксама адвакатка падкрэсліла, што Уладзімір Малахоўскі пры затрыманні быў моцна збіты, яму зламалі палец
Аднак аргументы абаронцы не пераканалі калегію. Суддзя Галіна Урбановіч пакінула вырак суду Першамайскага раёну Віцебску «без зменаў, а апеляцыйную скаргу абвінавачанага Малахоўскага – без задавальнення»
Жонка Уладзіміра Малахоўскага Ірына, якая прысутнічала на разглядзе скаргі, не здзіўленая такім рашэннем
«Хацелася б, канечне, верыць у лепшае, але ўсё адбылося як заўсёды. У такіх, як мой муж, усё тое ж самае: прысуд пакінуць у сіле. Яны робяць як ім выгадна», – пракаментавала рашэнне абласнога суду жанчына
Уладзімір Малахоўскі плануе абскардзіць гэтае рашэнне ў Вярхоўным судзе
Пасля разгляду скаргі жонка Малахоўскага напісала заяву з просьбай даць спатканне з мужам. Суд просьбу задаволіў. Спатканне мае адбыцца 26 траўня.
Уладзімір Бяляўскі