Рашэнне аб пакаранні прыняла суддзя Ірына Ланчава. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. На абвяшчэнне прысуду пусцілі толькі найбліжэйшых сваякоў.
Павел Севярынец амаль год правёў за кратамі: яго затрымалі летась 7 чэрвеня пасля выступаў на пікетах падчас мінулай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Бацька вядомага палітыка паэт Канстанцін Севярынец гэтак пракаментаваў прысуд сыну і іншым актывістам:
«Павел правільна сказаў: «Суду не было». Гэта маразм і параноя! Вось і ўсё! Суду не было! Суд будзе ў вольнай Беларусі, і кожны атрымае па справах сваіх. Узмоцнены рэжым – гэта даюць маньякам, забойцам. І ўвогуле гэта ўсё зроблена не дзеля Паўла: гэта робіцца дзеля ўсіх астатніх – каб напужаць».
«Стаім у праўдзе, сынок. Нас не зламаць!» – напісаў Канстанцін Севярынец на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Паўлу Юхневічу і Максіму Вінярскаму суддзя Ірына Ланчава прысудзіла па 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму, столькі ж – аршанскаму відэаблогеру Дзмітрыю Казлову. Вырак актывістцы Ірыне Шчаснай – 4 гады агульнага рэжыму.
Усе падсудныя трымаліся годна: апладысментамі сустракалі сваіх блізкіх і сваякоў, якія заходзілі ў судовую залю, а пасля абвяшчэння прысудаў разам скандавалі «Беларусь будзе вольнай» і «Верым! Можам! Пераможам!»